Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пайшла да Вечнага агню з партрэтам бацькі-франтавіка. Пэнсіянэрка Галіна Лагацкая на Акрэсьціна


Галіна Лагацкая, архіўнае фота
Галіна Лагацкая, архіўнае фота

Пэнсіянэрцы Галіне Лагацкай дзяжурны судзьдзя Партызанскага суду прысудзіў 20 сутак адміністрацыйнага арышту.

Галіну Лагацкую затрымалі апоўдні 9 траўня ў раёне плошчы Перамогі. Яна прыйшла туды ўскласьці кветкі да Вечнага агню. У руках Галіна Лагацкая трымала партрэт бацькі-вэтэрана, які памёр летась у сьнежні, на 95-м годзе жыцьця.

«Пасьпела пазваніць з Партызанскага РУУС, што яе затрымалі пасьля таго, як паспрабавала пагаварыць зь міліцыянтамі», — расказала пра затрыманьне Ларыса Танкашкур, родная сястра Галіны Лагацкай. 12 траўня Ларыса Танкашкур прыехала ў Партызанскі раённы суд на працэс над сястрой, але аказалася, што тую судзілі яшчэ 10 траўня, у выходны.

Ларыса Танкашкур, архіўнае фота
Ларыса Танкашкур, архіўнае фота

«Нават заканчэньня выходных не дачакаліся, ужо ў панядзелак яе судзіў дзяжурны судзьдзя, суд праходзіў дыстанцыйна», — паведаміла Ларыса Танкашкур.

9 траўня Ларыса мелася сустрэцца зь сястрой Галінай каля Вечнага агню пасьля 12 гадзіны дня. Званок зь міліцыі засьпеў Ларысу на паўдарозе да цэнтру. Пасьля міліцыянта слухаўку ўзяла Галіна, згадвае Ларыса Танкашкур.

«Галя сказала, што яе затрымалі і цяпер афармляюць па двух пратаколах. Адзін за хуліганства, які яна адмовілася падпісваць, а другога на той момант яшчэ не паказалі. Меркавала, што за непадпарадкаваньне. Пасьпела расказаць, што сама падышла да міліцыянтаў пагаварыць, а яе адправілі да нейкага начальніка і там затрымалі. Яшчэ дадала, што не адну затрымалі, а зь нейкімі мужчынамі. Але пра іх больш нічога не сказала. Ці судзілі іх, ня ведаю», — расказала Ларыса Танкашкур.

Бацька Лагацкай Іван Шпакаў быў паранены пад Кенігсбэргам

Паводле Ларысы, напярэдадні 9 траўня яе сястра Галіна Лагацкая вырабіла два фотапартрэты іхнага бацькі Івана Сідаравіча Шпакава. Фотапартрэты Галіна прымацавала на пляншэтах з дрэўкамі, другі партрэт прызначаўся ёй, Ларысе. Усяго ў сям’і Івана Сідаравіча Шпакава 6 дачок і сын. Вось што Ларыса Танкашкур расказала пра свайго бацьку.

Іван Сідаравіч Шпакаў, Галіны Лагацкай і Ларысы Танкашкур
Іван Сідаравіч Шпакаў, Галіны Лагацкай і Ларысы Танкашкур

«Ён з Рагачоўскага раёну. Забралі ў войска ў 44-м годзе, пасьля вызваленьня, і кінулі пад Кенігсбэрг. Там быў цяжка паранены, лячыўся ў шпіталі, там і закончыў ваяваць, ва Ўсходняй Прусіі. Пра вайну не любіў расказваць, казаў, што ўспамінаць вельмі цяжка. Пасьля вайны да пэнсіі працаваў калгасным кіроўцам: вёска Гарадзец Рагачоўскага раёну, калгас „Сьвітанак“. Там і жыў з маці, настаўніцай, але мама раней памерла, а ў канцы жыцьця ў бацькі знайшлі анкалёгію. Тады бацьку забрала ў Менск яшчэ адна наша сястра, тут яго даглядалі. Яму нібыта стала лепей, усім цікавіўся, жартаваў, але ў сьнежні зноў пагоршала і памёр, месяц не дачакаўся 95-годзьдзя. А мы гэтак марылі ўсе сабрацца разам і яго павіншаваць», — кажа Ларыса.

Ларыса мяркуе, што іх бацька на апошніх выбарах не зьбіраўся галасаваць за Лукашэнку, хоць на папярэдніх, магчыма, быў за яго.

«Цяпер дакладна настроіўся супраць. Казаў: «Надакучыў гэты балабол», пытаўся, як «прагаласаваць за Ціханоўскую». Але ці галасаваў, дакладна ня ведаю. Хутчэй за ўсё, ня змог, бо пры ягоным узросьце трэба было на дом выклікаць скрыню, а сястра, у якой ён жыў, сама не выклікала. Сказала, ня хоча яго турбаваць. Але навінамі да апошняга цікавіўся, глядзеў «Эўраньюз», перажываў за мяне з Галінай, калі нас «закрылі».

Пры гэтым жанчына адзначыла, што ў іхнай вялікай сям’і адзінства на выбарах не было. «З шасьці сёстраў адна і яшчэ брат за яго. Казалі: а за каго яшчэ? Няма за каго. Мы тлумачылі, што ён адмыслова гэтак зрабіў, каб людзі баяліся вылучацца. Што за Ціханоўскую трэба галасаваць толькі таму, што не пабаялася. Аднак пасьля таго гвалту ў жніўні яны і самі задумаліся», — кажа Ларыса Танкашкур.

У кастрычніку сама Ларыса Танкашкур адбыла 15 сутак арышту па адміністрацыйнай справе. Сядзела ў адной камэры з баскетбалісткай Аленай Леўчанкай і Натальляй Хершэ са Швайцарыі:

«Без матрацаў трымалі, зьдзекаваліся. Толькі потым, як Леўчанку забралі, матрацы аддалі».

Па падліках Ларысы, яе сястра Галіна зь верасьня адбывае ўжо 4-ю адседку, агулам адседзіць каля 2 месяцаў.

«Вось напісала ёй ліст, але ня ведаю, куды дасылаць», — закончыла размову сястра Галіны Лагацкай Ларыса Танкашкур. Саму яе ў студзені мінулага году асудзілі на тры месяцы турмы за незаконны распаўсюд зьвестак пра супрацоўнікаў сілавых структур.

«Затрыманая па палітычным артыкуле»

Паводле Ларысы Танкашкур, калі яна спрабавала даведацца ў Партызанскай раённай управе міліцыі, па якім артыкуле затрымалі яе сястру, дзяжурны адказаў, што «па палітычным артыкуле».

«Я запярэчыла. Кажу, які палітычны артыкул? Лукашэнка ж паўсюль заяўляе, што ў нас няма палітвязьняў, бо такіх артыкулаў няма. Але дзяжурны параіў «лепш чытаць Адміністрацыйны кодэкс», — згадала Ларыса размову зь міліцыянтам з Партызанскага РУУС.

Паводле Ларысы Танкашкур, яе сястра Галіна Лагацкая нейкі час па затрыманьні знаходзілася ў ІЧУ на Акрэсьціна, а дзе яна цяпер, ёй невядома.

«Сёньня з суду паехала на Акрэсьціна спытаць, ці ня ў Жодзіна адвезьлі, дык нічога не адказалі. Дагэтуль ня ведаю, куды цяпер везьці перадачу», — абураецца сястра Галіны Лагацкай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG