Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адну партыю беларускай кантрабанды цыгарэт на $2 млн накіравалі ў Польшчу пад выглядам корму для жывёлаў


Ілюстрацыйнае фота

Супрацоўнікі польскай мытні зноў затрымалі буйную партыю кантрабандных цыгарэт беларускай вытворчасьці.

Партыю беларускіх цыгарэт амаль на $2 млн затрымалі ў Польшчы, паведаміла аддзяленьне польскай мытні ў Беластоку. Цыгарэты знаходзіліся ў латвійскім грузавіку.

Польскія мытнікі спынілі аўтамабіль для надгляду ў пункце пропуску Будзіска. Паводле дакумэнтаў, грузавік перавозіў корм для жывёлаў, але супрацоўнікі мытні знайшлі там пачкі цыгарэт зь беларускімі акцызнымі маркамі. Усяго ў грузавіку было 500 тысяч пачкаў цыгарэт на суму каля 7,5 млн злотых (каля 2 млн даляраў).

Кіроўца грузавіка арыштаваны на тры месяцы, яму пагражае да 10 гадоў зьняволеньня.

7 траўня ў Польшчы затрымалі самую буйную ў гісторыі партыю кантрабандных цыгарэтаў зь Беларусі, агульная сума «чорнага» тавару склала каля $9,7 млн.

Ад пачатку 2021 году памежныя службы Польшчы, Літвы і Ўкраіны шматразова спынялі буйную кантрабанду з тэрыторыі Беларусі. Сумеснае журналісцкае расьсьледаваньне расейскага выданьня «Праект», беларускіх сайту Naviny.by і тэлеканалу «Белсат» паказала, што на кантрабандзе велізарныя грошы зарабляе атачэньне Лукашэнкі. Кантрабанду тытунёвых вырабаў выяўлялі, у прыватнасьці, у мінэральнай ваце, бэтоне, калійных угнаеньнях.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG