Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраільская армія паведаміла пра тысячу выпушчаных ракет з сэктару Газа


Сэктар Газа, 12 траўня 2021

Больш за тысячу ракет былі запушчаны ў бок Ізраілю з сэктару Газа, пачынаючы з 10 траўня.

Пра гэта паведаміў прадстаўнік ізраільскай арміі Джонатан Конрыкус, якога цытуе The Times of Israel. Пацярпелі больш за 200 чалавек, пяцёра загінулі. Каля дзьвюхсот ракет разарваліся неўзабаве пасьля запуску.

Ракетныя абстрэлы Ізраілю палестынскімі групоўкамі пачаліся 9 траўня, да гэтага некалькі дзён у Ерусаліме ішлі сутыкненьні паміж арабскім насельніцтвам і паліцыяй. Нагодай для абвастрэньня сытуацыі стаў разгляд справы аб рэстытуцыі нерухомасьці, якая належыць ва ўсходняй частцы Ерусаліму палестынцам, на карысьць ізраільцянаў, якія валодалі ёй да 1948 году.

Цягам некалькіх дзён у горадзе працягваліся пратэсты, паліцыя ўжывала супраць пратэстоўцаў сьлезацечны газ. Палестынскі рух ХАМАС, які кантралюе сэктар Газа, запатрабаваў ад ізраільскіх уладаў вывесьці сілы бясьпекі з раёнаў, дзе адбываліся найбольш жорсткія сутыкненьні.

Пасьля адмовы ізраільскіх уладаў зрабіць гэта, 10 траўня ХАМАС абвясьціў аб пачатку апэрацыі «Меч Аль-Кудс», саюзьнікам у акцыі выступіла радыкальная групоўка «Ісламскі джыхад». Ізраільская армія наносіць у адказ удары, паведамляецца аб гібелі як мінімум 35 чалавек, у тым ліку некалькіх дзяцей – паведамляе «Гаарэц».

У разьмешчаным за 20 кілямэтраў ад Тэль-Авіву горадзе Лод увялі надзвычайнае становішча пасьля сутыкненьняў арабскага і ізраільскага насельніцтва. Паведамляецца, што ў горадзе падпаленыя сынагогі і разьбітыя вітрыны крамаў. Мэр назваў тое, што адбываецца, «грамадзянскай вайной». У горад для аднаўленьня парадку накіравалі войска.

Паводле паведамленьня арміі Ізраілю, у ходзе сумеснай апэрацыі са спэцслужбай «Шабак» вайскоўцы забілі кіраўніка вайсковай выведкі ХАМАС, яго намесьніка і кіраўніка контравыведкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG