Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Омскам зьнік на паляваньні былы галоўны лекар бальніцы, дзе ляжаў Навальны


Аляксандар Мурахоўскі

У Омскай вобласьці РФ, як сьцьвярджаюць мясцовыя СМІ, вядуцца пошукі абласнога міністра аховы здароўя Аляксандра Мурахоўскага. 7 траўня ён адправіўся ў лес на паляваньне і неўзабаве перастаў выходзіць на сувязь.

Пра гэта паведамляе «Московский комсомолец в Омске» і выданьне «Коммерческие вести» са спасылкай на крыніцы.

Аляксандр Мурахоўскі раней быў галоўным лекарам бальніцы хуткай дапамогі ў Омску, куды 20 жніўня быў дастаўлены Аляксей Навальны, які трапіў у кому на борце самалёта Томск-Масква.

Афіцыйна пра тое, што зьнік менавіта Мурахоўскі, не паведамляецца. Ва ўпраўленьні МУС па рэгіёне паведамілі, што ў Бальшаўкоўскім раёне 7 траўня з паляўнічай базы на квадрацыкле ў лясны масіў «паехаў жыхар Омску і прапаў бяз вестак». Яго знаёмыя паведамілі ў паліцыю аб зьнікненьні 8 траўня. Зьніклага шукаюць паліцыя, Расгвардыя, паляўнічыя інспэктары, супрацоўнікі МНС і мясцовыя жыхары, задзейнічаныя гелікоптэры. Як гаворыцца ў паведамленьні, пошукі ўскладняюцца цяжкапраходнай мясцовасьцю, наяўнасьцю забалочаных участкаў.

Бальшаўкоўскі раён знаходзіцца на поўначы Омскай вобласьці, шчыльнасьць насельніцтва ў ім менш за 1 чалавека на квадратны кілямэтар.

Навальны быў шпіталізаваны ў бальніцу Омску з 20 па 22 жніўня. Затым ён быў перавезены на лячэньне ў Нямеччыну. Спэцыялісты ў шэрагу лябараторый Эўропы выявілі ў яго арганізьме сьляды атрутнага рэчыва з групы «Навічок». Сам Навальны, які аднавіўся пасьля атручэньня, на падставе праведзенага расьсьледаваньня сьцьвярджае, што яго атруцілі супрацоўнікі ФСБ. Крымінальная справа па факце атручэньня так і не была распачатая.

Мурахоўскі сьцьвярджаў, што Навальны ня быў атручаны, і зьвязваў ягоны стан зь іншымі прычынамі, у прыватнасьці парушэньнем абмену рэчываў, аднак дакладнага дыягназу не называў. Паплечнікі Навальнага і ён сам дзякавалі лекарам за выратаваньне жыцьця апазыцыянэра, аднак рэзка крытыкавалі Мурахоўскага, які, паводле іх цьверджаньняў, выконваючы ўказаньні Крамля, хаваў праўдзівы дыягназ, а таксама перашкаджаў транспартаваньню Навальнага на лячэньне ў Нямеччыну.

  • Празь некалькі месяцаў пасьля шпіталізацыі Навальнага Мурахоўскі быў прызначаны кіраўніком абласнога Міністэрства аховы здароўя.
  • У пачатку лютага ва ўзросьце 55 гадоў памёр намесьнік галоўнага лекара клінікі ў Омску Сяргей Максімішын, афіцыйная прычына ягонай сьмерці — сардэчны прыступ.
  • У сакавіку памёр ва ўзросьце 63 гадоў загадчык аддзяленьня траўматалёгіі і артапэдыі омскай бальніцы хуткай дапамогі № 1 Рустам Агішаў, афіцыйная прычына сьмерці — інсульт.

Адзін з аўтараў расьсьледаваньня аб атручэньні Навальнага Хрыста Грозеў напісаў у твітэры, што скептычна ставіцца да сьцьвярджэньняў аб тым, што гэтыя сьмерці неяк зьвязаныя паміж сабой, аднак зьнікненьне Мурахоўскага, калі яно ня будзе выразна растлумачана, прымушае задумацца аб тым, што адбываецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG