Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International зноў прызнала Навальнага вязьнем сумленьня


Аляксей Навальны ў часе судовага працэсу
Аляксей Навальны ў часе судовага працэсу

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заявіла, што зноў прызнала Аляксея Навальнага вязьнем сумленьня. Ён быў пазбаўлены гэтага статусу ў лютым, бо ў яго старых выступах праваабаронцы выявілі «мову варожасьці».

Цяпер яны прызналі, што погляды і паводзіны могуць зьмяняцца з часам.

У заяве на сайце арганізацыі сказана, што, пацьвярджаючы статус Навальнага, Amnesty падкрэсьлівае неабходнасьць выконваць яго правы. У паведамленьні сказана, што сытуацыя з расейскім апазыцыянэрам прымусіла арганізацыю перагледзець свае ўнутраныя правілы.

Amnesty пачала пераглядаць агульны падыход да выкарыстаньня тэрміна. У якасьці пачатковага кроку праваабаронцы ня будуць выключаць зь ліку «вязьняў» выключна на падставе паводзін у мінулым.

«Частка місіі Amnesty палягае ў тым, каб заахвоціць людзей прымаць ідэю правоў чалавека, а не пакідаць іх назаўжды ў пастцы свайго мінулага», — гаворыцца ў тэксьце.

Тым ня менш праваабаронцы падкрэсьлілі, што статус вязьня сумленьня не азначае прыняцьця ягонай палітычнай праграмы. «Некаторыя з папярэдніх заяў Навальнага вартыя асуджэньня, і мы ні ў якай меры не апраўдваем іх. Як праваабарончая арганізацыя Amnesty International будзе працягваць змагацца з расізмам і ўсімі формамі дыскрымінацыі, дзе б яны ні існавалі», — адзначаецца ў паведамленьні.

Пры гэтым Amnesty так і не раскрыла, за якія менавіта выказваньні палітыка яго пазбаўлялі статусу. Як мяркуецца, гаворка ідзе пра выступы тых часоў, калі ён пазыцыянаваў сябе расейскім нацыяналістам.

У 2007 годзе апазыцыянэр разам зь пісьменьнікам Захарам Прылепіным і палітыкам Сяргеем Гуляевым заснавалі нацыяналістычны рух «Народ». Арганізацыя выступала з правакацыйнай рэклямай з крытыкай мігрантаў.

Пасьля гэтага ён быў выключаны з партыі «Яблоко» за нацыяналізм з фармулёўкай «за нанясеньне палітычнай шкоды». Цяпер прыхільнікі Навальнага заяўлялі, што спрэчкі з прычыны яго статусу ў Amnesty былі ініцыяваныя расейскай уладай.

У 1964 годзе статусу вязьня сумленьня за падтрымку сілавога супрацьдзеяньня рэжыму апартэіду быў пазбаўлены паўднёваафрыканец Нэльсан Мандэла. Нягледзячы на крытыку з боку палітыкаў і іншых праваабаронцаў, Amnesty так і не вярнула яго ў сьпіс зьняволеных, правёўшы галасаваньне сярод сваіх супрацоўнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG