Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запеніў дзьверы, «хацеў захапіць уладу». Хто яны — беларускія пэнсіянэры, якія сядзяць за палітыку


Расказваем, хто зь людзей пэнсійнага ўзросту апынуўся за кратамі з палітычных прычынаў і за што.

Уладзімер Няпомняшчых, 68 гадоў, Гомель

Няпомняшчых асудзілі за ягонае выказваньне нібыта ў бок пракуроркі Алесі Жураўлёвай пасьля вынясеньня прысуду Георгію Васіленку. Сам мужчына казаў, што прамовіў агульную фразу кшталту «Арганізаваная злачынная групоўка» ці «Вы за ўсё адкажаце».

Суд над Няпомняшчым праходзіў у закрытым рэжыме ў будынку СІЗА-3. На карысьць пацярпелай пракуроркі суд пастанавіў спагнаць з асуджанага 1000 рублёў.

Улетку Ўладзімер Няпомняшчых зьбіраў подпісы ў сваю падтрымку як магчымага кандыдата на прэзыдэнта. Кампанію збору подпісаў ён выкарыстоўваў для правядзеньня легальных пікетаў. Подпісаў не здаваў. Увосень актывіст АГП некалькі разоў трапляў на суткі.

Віталь Зарадзей, 68 гадоў, Берасьце

Зарадзея затрымалі людзі з аўтаматамі ля ягонага дома, паведамляе «Вясна». У межах крымінальнай справы яго хацелі везьці ў Менск на псыхіятрычную экспэртызу, аднак ён не прыходзіў у Сьледчы камітэт на выклікі. Таму яго затрымалі на 2 месяцы і зьмясьцілі ў берасьцейскі СІЗА. Адтуль накіравалі ў Навінкі на судова-псыхалягічную экспэртызу.

Адам Шпакоўскі, 65 гадоў, Менск

На Шпакоўскага нібыта паскардзіліся суседзі за тое, што «ён дастаў усіх сваёй беларускай мовай». Ператрус дома ў мужчыны ішоў 6 гадзін. Ягоная пэнсія не перавышае 280 рублёў. 15 дзён арышту скончацца 6 траўня. Ці выпусьцяць пэнсіянэра на волю, пакуль невядома.

Мікалай Статкевіч, 64 гады, Менск

Лідэр партыі «Народная грамада», экс-кандыдат у прэзыдэнты 2010 году, падпалкоўнік запасу. Затрымалі 30 траўня 2020 году па дарозе на пікет Ціханоўскай. Яго вінавацяць у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.

Неўзабаве пачнецца закрыты суд над Статкевічам. Разам зь ім будуць судзіць яшчэ пяць палітвязьняў: блогера Сяргея Ціханоўскага, ягонага відэаапэратара Арцёма Сакава, мадэратара сацсетак «Страна для жизни» Дзьмітрыя Папова, блогераў Уладзімера Цыгановіча (МоzgOn) і Ігара Лосіка. Статкевіч у лісьце паведаміў, што ў справе 170 тамоў.

Статкевіч адсядзеў амаль 5 гадоў за вулічную акцыю пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.

Рыгор Кастусёў, 64 гады, Менск

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж і замах на яго і ягоных дзяцей. Ён назваў Кастусёва сярод датычных да змовы. Дзяржаўныя мэдыя паказалі фрагмэнт гутаркі ў Zoom, дзе нібыта «змоўшчыкі» абмяркоўвалі захоп улады.

У «справе змоўшчыкаў» у Расеі затрымалі палітоляга Аляксандра Фядуту і беларускага юрыста з ЗША Юрася Зянковіча, а таксама ўзялі пад варту памочніцу Зянковіча Вольгу Галубовіч. Усе чацьвёра знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Усяго ў справе праходзяць 9 чалавек, у тым ліку былы сілавік Ігар Макар і псыхіятар Дзьмітры Шчыгельскі, якія жывуць за мяжой.

Галіна Дзербыш, 59 гадоў, Абухава Горадзенскай вобласьці

Адзіным доказам ейнай датычнасьці да крымінальнай справы назвалі квіток на паліва з запраўкі пад Ваўкавыскам, атрыманы за некалькі месяцаў да затрыманьня. Тады сям’я езьдзіла на машыне ў Берасьцейскую вобласьць, каб набыць шчанюка каўкаскай аўчаркі пасьля сьмерці свайго старога гадаванца, а па дарозе заехалі на запраўку. Сваякі да затрыманьня жанчыны ня чулі імя Аўтуховіча.

Усё жыцьцё Дзербыш працавала бухгальтаркай у калгасе. На пэнсіі займалася гаспадаркай, апрацоўвала агарод, трымала курэй. Дапамагала аднавяскоўцам у розных патрэбах. Яе ў пасёлку называюць «маці Тэрэза». Даглядала бадзяжных катоў. Падчас назіраньня за выбарамі заявіла пра шматлікія парушэньні.

Сядзіць у горадзенскай турме амаль 5 месяцаў. За гэты час у жанчыны яшчэ пагоршылася здароўе. Ёй цяжка сядзець, скардзіцца на болі ў страўніку.

Ігар Канапайка, 55 гадоў, Менск

Пацярпелая ў справе — прэс-афіцэр Цэнтральнага РАУС Менску Тацяна Абозная. Канапайка тлумачыў у судзе, што зрабіў свой учынак на моцных эмоцыях. Ён убачыў, што Абозная пасьля сьмерці Рамана Бандарэнкі напісала, што той быў п’яны, і не выказала спачуваньня сям’і нябожчыка.

«Калі я бачу несправядлівасьць, я заводжуся з паўабароту. Так было і тады. Сьмерць Рамана Бандарэнкі ўразіла ўсю Беларусь. Ён служыў, як і я. Ён загінуў у цэнтры Менску, у мірны час, у краіне, якую называюць „краінай для жыцьця“», — казаў на судзе Канапайка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG