Лідэры апазыцыйных партый запатрабавалі вызваліць старшыню БНФ Кастусёва

Рыгор Кастусёў, архіўнае фота
Рыгор Кастусёў, архіўнае фота

Кіраўнікі некалькіх беларускіх апазыцыйных структур выступілі з сумеснай заявай.

Яны запатрабавалі ад уладаў вызваліць старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва і спыніць яго крымінальны перасьлед:

«Мы перакананыя, што Рыгор Кастусёў ніколі не прымаў і ня мог браць удзелу ў змовах ці любых іншых дзеяньнях, накіраваных на захоп улады неканстытуцыйным чынам. Ціск на легальныя і афіцыйна зарэгістраваныя палітычныя партыі зьяўляецца працягам ціску на ўсе незалежныя ад уладаў цэнтры, на грамадзянскую супольнасьць», — падкрэсьліваецца ў заяве.

У ёй адзначаецца, што Кастусёў як кіраўнік партыі БНФ «заўсёды выступаў з заклікамі да дыялёгу і мірнага вырашэньня любых канфліктаў паміж прыхільнікамі розных палітычных поглядаў на падставе агульных інтарэсаў беларускага народу, неаднойчы заклікаў удзельнікаў палітычнага працэсу да стрыманасьці, падкрэсьліваючы недапушчальнасьць распальваньня варожасьці ў беларускім грамадзтве».

Аўтары заявы заклікаюць спыніць палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі і вызваліць усіх палітвязьняў.

Заяву падпісалі

  • старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Грамада») Ігар Барысаў,
  • старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў,
  • старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін,
  • старшыня Беларускай партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук,
  • намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч,
  • старшыня грамадзкага абʼяднаньня «Рух „За свабоду“» Юрась Губарэвіч.
​
XS
SM
MD
LG