Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская бярэ ўдзел у слуханьнях у Кангрэсе ЗША, плянуе заявіць аб патрэбе новых выбараў у Беларусі ўжо сёлета. ВІДЭА


Будынак Кангрэсу ЗША ў Вашынгтоне, ілюстрацыйнае фота
Будынак Кангрэсу ЗША ў Вашынгтоне, ілюстрацыйнае фота

6 траўня Сьвятлана Ціханоўская возьме ўдзел у слуханьнях Камісіі правоў чалавека імя Тома Лантаса Кангрэсу ЗША.

Выступ адбудзецца ў онлайн-фармаце, далучацца амэрыканскія кангрэсмэны, якія актыўна падтрымліваюць дэмакратычны рух беларусаў: Джэймс Макговэрн і аўтар «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі» Крыстафэр Сьміт.

Слуханьні пачнуцца а 17-й гадзіне паводле менскага часу.

«Сьвятлана Ціханоўская раскажа аб парушэньнях правоў чалавека і рэпрэсіі, формах мірнага пратэсту беларусаў, пра важнасьць унутранага і вонкавага ціску на рэжым. Таксама яна ўздыме пытаньне падтрымкі перамоваў у Беларусі пры ўдзеле АБСЭ, пасьля якіх ужо сёлета мусяць адбыцца новыя прэзыдэнцкія выбары», — паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.

Камісія імя Тома Лантаса займаецца пытаньнямі парушэньня правоў чалавека ва ўсім сьвеце, таму выступ Сьвятланы Ціханоўскай — добры спосаб яшчэ раз нагадаць аб масавых і сыстэмных парушэньнях правоў чалавека рэжымам Лукашэнкі, адзначаюць яе паплечнікі.

У сакавіку Сьвятлана Ціханоўская ўжо ўдзельнічала у онлайн-слуханьнях у Камітэце міжнародных адносінаў Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША. Тады яна заявіла, што зьмены ў Канстытуцыю Беларусі неабходна ўносіць паралельна з правядзеньнем новых прэзыдэнцкіх выбараў ці адразу пасьля іх.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG