Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​Суд аб замаху на жыцьцё міліцыянтаў пачаўся другі раз. Судзьдзя разглядае справу «з нуля»


Ціхан Восіпаў у судзе ў красавіку
Ціхан Восіпаў у судзе ў красавіку

У Менскім гарадзкім судзе зноў разглядаюць крымінальную справу супраць інжынэра Ціхана Восіпава, якога вінавацяць у замаху на жыцьцё вайскоўцаў унутраных войскаў МУС падчас жнівеньскіх падзей у Менску.

Адметнасьць працэсу ў тым, што паўторны разгляд справы адбываецца з прычыны зьмены судзьдзі. Замест судзьдзі Дзьмітрыя Цыкала, які, паводле афіцыйных зьвестак, захварэў, старшынём на працэсе цяпер Пётар Арлоў, і ён разглядае справу ад самага пачатку.

6 траўня Пётар Арлоў спачатку заслухаў паказаньні і допыт абвінавачанага Ціхана Восіпава, пасьля чаго дапыталі чатырох вайскоўцаў, якія прызнаныя ў справе пацярпелымі. Журналісты найбольш цікавіліся менавіта іх паказаньнямі, бо перазапуск працэсу выклікаў падазрэньні: ці не рыхтуецца зьмена іх паказаньняў, што можа наўпрост паўплываць на прысуд?

Інжынэру НДІ «Белтэхналёгія» Ціхану Восіпаву з усіх, каго судзілі за пратэсты, выставілі ці ня самае сур’ёзнае па наступствах абвінавачаньне. Паводле сьледзтва, у ноч на 11 жніўня Восіпаў на бацькоўскім аўтамабілі BMW наўмысна, «з мэтай забойства», наехаў на вайскоўцаў часткі 5524 унутраных войскаў МУС, якія ў гэты час выціскалі пратэстоўцаў са скрыжаваньня вуліц Прытыцкага і Глебкі. За гэта Восіпава абвінавацілі ў спробе забойства супрацоўнікаў праваахоўных органаў, за што закон прадугледжвае ад пажыцьцёвага зьняволеньня да сьмяротнай кары.

Акрамя таго, Ціхана Восіпава абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках ды ў заведама ілжывым даносе. Паводле сьледзтва, пасьля сутычкі зь міліцыянтамі ён наўмысна патапіў у стаўку ў парку «Цівалі» свой аўтамабіль ды схлусіў у міліцыі, што яго нібыта скралі невядомыя, а гэта, паводле Крымінальнага кодэксу, — махлярства.

Як і на першым працэсе, Ціхан Восіпаў прызнаў віну толькі ў гэтай частцы агульнага абвінавачаньня. Што да наезду на вайскоўцаў, ён адмаўляе намер забойства. Восіпаў тлумачыць, што знаходзіўся ў стрэсе, перажыў жах ад таго, што на ягоны аўтамабіль напалі «невядомыя людзі ў ваенізаванай форме», па аўтамабілі «грукалі і стралялі», «вайсковец накіраваў на яго зброю». Падсудны працягвае настойваць, што проста мусіў ратавацца і таму ўцякаў з вуліцы Прытыцкага, а па дарозе «мог на кагосьці ненаўмысна наехаць».​

«„Сіняк на назе“, „прыкусіў шчаку знутры“, „памутнела ў вачах, але вярнуўся ў строй“»

Важныя для высьвятленьня праўды ў гэтай гісторыі паказаньні тых, на каго, паводле сьледзтва, наехаў Ціхан Восіпаў. На першым працэсе пацярпелыя вайскоўцы далі паказаньні, паводле якіх ніхто зь іх не пацярпеў ад наезду сур’ёзна. Таму і матэрыяльнага пазову да Восіпава ніхто не выстаўляў. А што цяпер, на паўторным працэсе?

Сёньня ў суд з 5 пацярпелых зьявіліся чацьвёра. Усе прыехалі з Воршы, дзе базуецца вайсковая частка № 5524, у якой хлопцы працягваюць служыць. Усе даволі аднолькава апісалі падзеі 11 жніўня на вуліцы Прытыцкага, у якіх бралі ўдзел, а таксама сваю вопратку і рыштунак. Плястыкавы шлем на галаве, шчыт «Вітраж» і гумовая палка ў руках, грудзі і сьпіна прыкрытыя бронекамізэлькай, на плячах, локцях, нагах шчыткі, як у чарапашак-ніндзя. Але ззаду ногі нічым не абароненыя, таму, калі Восіпаў на аўтамабілі «ўрэзаўся» ў іхны «баявы парадак», то, хоць ён і ехаў на малой хуткасьці, «усім дасталася». Як менавіта?

Сяржант Яўген Васільчанка: «Пачуў папераджальныя крыкі, нейкая паніка, пачаў абарочвацца, як адчуў удар у правую нагу па каленцы. Паваліўся на краі дарогі, а аўтамабіля так і ня ўбачыў. Дзякуючы таму, што каленка была ў абароне, усё абышлося, нават накаленьнік не пашкоджаны. Прызналі ўшыб каленнага сустава, тры дні прабыў у шпіталі і некалькі дзён на бальнічным».

Старшына Дзьмітрый Голіс. «Удар аўтамабіля прыйшоўся ніжэй каленяў, ззаду. Шчыт выраніў і сьпінаю паваліўся на капот. Некалькі сэкундаў гэтак праехаў, спалохаўся, што траплю пад колы, і сам кульнуўся ўлева з капоту. Перад падзеньнем згрупаваўся і нават рук не параніў. Вярнуўся ў строй».

Старшына Андрэй Ляпёшкін. «Пачуў гук матору, крыкі. Абарочваюся — як удар у сьцягно левай нагі. Ад таго, што зачапіла шчыт, той ударыў мяне ў скронь, і я прыкусіў знутры шчаку. Хутка адчуў кроў у роце. На нейкі момант памутнела ў вачах. Хлопцы завялі за строй, потым вярнуўся ў рэзэрвы».

Старшына Міхаіл Протас. «Крык ззаду: „Машына!“, паварочваюся, каб паглядзець, як удар у сьцягно, і мяне штурхае са строю наперад. Але падняўся і вярнуўся ў строй. Стрэлаў ня чуў, дый у нас зброі не было. Загаду аглядаць аўтамабілі не атрымлівалі, але нас ужо папярэджвалі аб пільнасьці, бо раней „Пасат“ гэтаксама наехаў на нашых і ўцёк».

«Што наўмысна, такога сказаць не магу»

Збольшага такія самыя паказаньні пацярпелыя давалі і на сьледзтве, і падчас першага працэсу. Але былі і адрозьненьні. Два з чатырох пацярпелых, паводле паказаньняў, запісаных сьледчымі, выказвалі меркаваньне, што Ціхан Восіпаў наўмысна на іх наехаў, яшчэ адзін пацярпелы казаў, што нібыта аўтамабіль, на якім ехаў Восіпаў, перад наездам на людзей паскорыўся. Сёньня ў судзе гэтыя паказаньні ніхто з пацярпелых не пацьвердзіў. «Што наўмысна, цяпер такога сказаць не магу», — заявілі суду пацярпелыя вайскоўцы адносна намераў Восіпава. Пра нібыта паскарэньне аўтамабіля Восіпава той пацярпелы, які раней гэтак сьцьвярджаў, цяпер паправіўся: меў на ўвазе набліжэньне аўтамабіля, бо «гук стаў мацнейшы».

7 траўня на працэсе над Ціханам Восіпавым будуць дапытваць сьведак. Нагадаем, на першым працэсе пракурор Цюменцаў запрасіў для Восіпава 12 гадоў зьняволеньня.


Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG