Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мужа і жонку зь Пінску адправілі ў калёнію за пратэсты пасьля выбараў. Што будзе зь іх малымі дзецьмі?


Алена і Сяргей Маўшук, архіўнае фота

Ангеліна, дзесяцігадовая дачка Сяргея і Алены Маўшукоў зь Пінску, якіх сёньня асудзілі на 6,5 і 6 гадоў калёніі адпаведна, застанецца жыць з хроснай, пяцігадовую Карыну гатовыя ўзяць пад апеку знаёмыя сям’і.

Маці трох дачок (двое зь іх непаўналетнія) Алена Маўшук за кратамі з 10 жніўня, яе муж Сяргей Маўшук заставаўся на волі. У пары Маўшукоў адно агульнае дзіця — 5-гадовая Карына.

10-гадовую Ангеліну пасьля затрыманьня маці Алены забралі ў прытулак, але пазьней аддалі пад апеку хроснай, дзе яна застанецца і цяпер. Малодшая Карына ўвесь час да пачатку суду жыла з бацькам, цяпер жыве са старэйшай дачкой Алены. Яе пагадзіліся ўзяць пад апеку знаёмыя сям’і: цяпер вырашаецца гэтае пытаньне, рыхтуюцца дакумэнты.

30 красавіка суд прызнаў мужа і жонку вінаватымі ў масавых беспарадках і прыгаварыў да пазбаўленьня волі: Алену адправілі на 6 гадоў у калёнію агульнага рэжыму, Сяргею прызначылі 6,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму. Пасьля абвяшчэньня прысуду мужчыну ўзялі пад варту ў залі суду.

Падчас суду, калі пракурор папрасіў прысудзіць Алене 6 гадоў пазбаўленьня волі, яна напісала ў сшытку словы: «Я павешуся» — і паказала ў залю.

«Яны ўсе героі, нашы дзеці», — што сказалі сваякі фігурантаў «пінскай справы» пасьля выраку


Марыя Салавей, маці Ігара Салаўя: «Лічы, што ўсё надуманае, выдуманае. Атрымаў 6 гадоў, але ў мяне надзея, што 6 гадоў ён там сядзець ня будзе. Чакаю яго найхутчэйшага вяртаньня дахаты. Да канца траўня хаця б… Усё выдумана, усё робіцца пад дудку вусатага «красаўца».

Яўгенія Мацюш, маці Дэвіда Масьціцкага: «Мы чакалі тэрмін не такі вялікі, хаця б крыху меншы. У шоку, канечне. Сын быццам трымаецца, малайчына. Я імкнулася таксама трымацца. Напілася супакаяльных, каб ня плакаць — найперш, каб яго не хваляваць. Адназначна мой сын — герой, і я вельмі ганаруся ім».

Юлія Богнат, маці Данііла Богната: «Я не чакала такога, канечне, думала, што нашмат менш будзе. Але настройвала сябе, глядзела па іншых выніках суду: як пракуроры запытвалі — так і давалі. Ну, як ёсьць ужо. Спадзяёмся, што нядоўга застанецца і столькі яны сядзець ня будуць. Усё памяняецца да лепшага. Яны ўсе героі, нашы дзеці. Ганарымся імі».

Віктар Рубец, бацька Алега Рубца: «Гэта ж ня суд, гэта спэктакль. Ну, сёньня ён скончыўся, гэты спэктакль. Адны акторы паехалі ў камэры, а іншыя — траціць свае сярэбранікі. Што тут можна сказаць? Калі мы гадавалі дзяцей, я думаў, што турма — гэта страшна і сорамна. Аказваецца, гэта зусім ня сорамна. Ёсьць такія артыкулы, па якіх ня сорамна сядзець. Мой сын будзе сядзець, але я ганаруся сваім сынам, што ён у свае 18 год зрабіў тое, пра што многія толькі на кухнях размаўляюць і што хацелі б зрабіць, але баяцца. Усе мы перажываем, і сын перажывае… Але ўсе людзі чакаюць перамен».

Тацяна Рубец, маці Алега Рубца: «Хлопцы нашы малайцы, яны паводзілі сябе вельмі годна і годна выслухалі свой прысуд, далі зразумець, што іх не зламалі, што яны трымаюцца. Несправядлівасьць, канечне, жудасная».

Станіслаў Цярэшка, бацька Аляксандра Цярэшкі: «Канечне ж, не чакалі. Гэта жах! Быццам і не даказана толкам нічога, а суд прызнаў вінаватым. 6 гадоў і 6 месяцаў — за галаву ўзяцца можна!»

Сьвятлана Багнавец, сястра Рамана Багнаўца: «Сын вельмі моцна перажывае, у іх такія адносіны пяшчотныя. Я нават ня ведаю, як усе гэтыя гады — страчаныя, скрадзеныя — як Арцём будзе бяз таты, я ўвогуле не ўяўляю. Самае галоўнае: жадаю хлопцам, каб яны не зламаліся, бо зусім не салодка ім будзе».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG