Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Паўлюка Труса і Віталя Тараса


Віталь Тарас
Віталь Тарас

Падзеі 6 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1434 — у Троках вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч выдаў вялікі земскі прывілей, які зраўнаў у правах каталікоў і праваслаўных.

1589 — кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Ваза надаў Пружанам магдэбурскае права і герб.

1686 — паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай быў падпісаны Вечны мір. Гэтая дамова скончыла вайну Расеі з Рэччу Паспалітай, якая працягвалася з 1654 году.

1840 — у Вялікай Брытаніі паступілі ў продаж першыя ў сьвеце паштовыя маркі.

1945 — падчас Другой усясьветнай вайны савецкія войскі распачалі Праскую наступальную апэрацыю.

2001 — падчас візыту ў Сырыю папа Ян Павал ІІ стаў першым пантыфікам, які наведаў мячэць.

У гэты дзень нарадзіліся

1700 Станіслаў Карвацкі, ксёндз-прафэсар, рэлігійны дзяяч Рэчы Паспалітай.

1904 Паўлюк Трус, паэт.

1905Юрка Гаўрук, беларускі перакладчык, крытык, паэт і рэжысэр.

1943Марыя Матусевіч, грамадзкая дзяячка і старшыня Таварыства беларускае мовы ў Вільні.

1950Міхаіл Мясьніковіч, беларускі дзяржаўны дзяяч, у 2010–2014 гадах прэм’ер-міністар Беларусі.

1953Тоні Блэр, прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі з 1997 па 2007 год.

1954Алег Аблажэй, мастак, пісьменьнік, удзельнік нацыянальна-
дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Алег Аблажэй
Алег Аблажэй

Героі раману Рычарда Гавяліса «Віленскі покер», культавай кнігі сучаснай літоўскай літаратуры, ня раз спрачаюцца, чыёй жа насамрэч была Вільня: літоўскай, польскай, габрэйскай? Мы можам упэўнена працягнуць гэты пералік.

Адным з твараў беларускай Вільні для мяне назаўсёды застанецца Алег Аблажэй — мудры мастак, пісьменьнік-інтэлектуал, змагар за незалежнасьць Літвы, узнагароджаны мэдалём за гераізм у падзеях 13 студзеня 1991 году каля тэлевежы.

Мы зь ім пазнаёміліся на паўтара года раней на Ўстаноўчым зьезьдзе БНФ на Туравай гары, тамсама, у Вільні. Ён быў асобаю ўжо вядомай, ня толькі як творца, але і як прыхільнік дэмакратычнага руху «Саюдзіс», сябра Таварыства беларускай культуры ў Літве.

Алег уразіў шляхетнымі паводзінамі, удумлівасьцю, і — нечакана — нейкай незразумелай чуйнай насьцярожанасьцю. Пазьней агульныя прыяцелі распавялі, што апошняя якасьць перадалася ад бацькі. Таго ў вайну аднавяскоўцы абралі старастам, і потым ён, ратуючыся ад турмы і лягераў, да самай сьмерці Сталіна хаваўся на гарышчы сваёй хаты.

Аблажэя, аднаго з кіраўнікоў суполкі краінаў Балтыі «Маю гонар», лічылі майстрам-віртуозам графікі і цікавым жывапісцам. Ён праілюстраваў шмат кніжак для віленскіх, менскіх, варшаўскіх, маскоўскіх выдавецтваў.

Неспадзяванкай сталася менская выстава Алегавай сэрыі плякатаў «Шэсьць аргумэнтаў супроць сьмяротнага пакараньня». Аўтар і сам быў уражаны: «Прывык маляваць цмокаў з каралеўнамі, а тут такая цяжкая тэма. Але думаў пра заўтрашні дзень Беларусі».

На пачатку 1990-х Алег разам з жонкаю, таксама мастачкай і беларускай патрыёткаю Крысьцінай Балаховіч, набылі жытло ў віленскім прадмесьці.

Літва яшчэ не пасьпела прыняць усіх неабходных пастановаў ды правілаў, і па інэрцыі дзейнічалі некаторыя выдадзеныя яшчэ для ўсёй савецкай імпэрыі. З атрыманых дакумэнтаў гаспадары даведаліся, што на прысядзібным участку яны маюць права трымаць адну карову, або аднаго каня, або аднаго... вярблюда.

Гэтую жывёліну, якую Алег часта і весела згадваў у размовах, ён не завёў, але, магчыма, віртуальны вярблюд істотна паўплываў на тое, што мастак стаў яшчэ і літаратарам-казачнікам.

Аблажэй выдаваў казкі па-беларуску і па-польску. Беларуская казачная кніга, што сагрэла цяжка хворага аўтара за колькі месяцаў да сыходу, мела, як мне ўяўляецца, у нейкім сэнсе аўтабіяграфічную назву — «Красамоўнае сэрца».

Для дарослых чытачоў ён пісаў публіцыстычныя артыкулы і фэльетоны, апавяданьні і афарызмы.

Друкаваўся ў «Нашай Ніве», у менскай «Свабодзе» і віленскай «Руні». Некалькі запісаў Алега, прачытаных у часопісе «Дзеяслоў», выплываюць імгненна: «Паэт — вольная птушка, зьняволеная ў клетцы сваёй мовы». «Нельга двойчы ўвайсьці на той самы Майдан». «З героямі найлепш мець справу тады, калі яны ўжо ў бронзе».

Мне добра было мець зь ім справу заўсёды.


Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с.692–693

1956 Віталь Тарас, беларускі журналіст і публіцыст. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Беларускага ПЭН-цэнтру і Беларускай асацыяцыі журналістаў, журналіст Радыё Свабода.

1983 Аксана Кавалеўская, беларуская сьпявачка.

У памяці

1859 — памёр Аляксандар фон Гумбальт, нямецкі навуковец-энцыкляпэдыст, заснавальнік геаграфіі расьліннасьці.

1903 — памёр Аляксандар Станкевіч, беларускі праваслаўны царкоўны дзяяч, гісторык, публіцыст.

1934 — у Празе памёр Мікола Вяршынін, беларускі грамадзкі й палітычны дзяяч.

1992 — у Парыжы памерла Марлен Дытрых, нямецкая і амэрыканская кінаакторка і сьпявачка.

1996 — памёр Барыс Родзіч, інжынэр, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980–1990-х.

Вы заўважалі, што прозьвішчы нярэдка надзіва адпавядаюць іх уладальнікам? Так было і зь ім, Барысам, якога шмат хто сапраўды ўспрымаў як чалавека ня толькі блізкага ў поглядах і перакананьнях, але і роднага па крыві. Усё, што я ведаю пра яго, пераконвае: мне б хацелася мець такога старэйшага брата.

Барыс Родзіч арганічна ня мог трываць несправядлівасьці й хлусьні.

Неяк на самым пачатку 1990-х маскоўская газэта «Правда» зьмясьціла паскудную «стацейку» свайго карэспандэнта ў Беларусі Алега Сьцепаненкі «Мама, возьми гадильник».

Гэтую зьдзеклівую, пачынаючы з назову, пісаніну, скіраваную супраць вывучэньня беларускай мовы ў пачатковых клясах, дый наагул супраць нашае мовы, хуценька і сэрвільна перадрукавала «Советская Белоруссия».

Напісаны Барысам і ягоным сябрам адказ «Клевета — не аргумент» там, натуральна, друкаваць адмовіліся.

Але артыкул ужо на наступны дзень апублікавала тагачасная «Народная газета» на чале зь Ёсіфам Сярэдзічам.

Барыса Родзіча хапала, здаецца, на ўсё.

Ён засноўваў разам зь Міхасём Ткачовым, Алегам Трусавым, Міхасём Чарняўскім Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду. Ствараў на сваім заводзе суполкі Таварыства беларускай мовы і Свабоднага прафсаюзу.

Стаў адным з заснавальнікаў мэмарыяльнага фонду «Трасьцянец»...

Яшчэ за савецкім часам у яго можна было разжыцца «Расійска-крыўскім слоўнікам» Вацлава Ластоўскага і выдадзеным замежнымі суайчыньнікамі «Кароткім аглядам гісторыі Беларусі», што разбураў савецкія гістарыяграфічныя міты.

Родзіч вельмі даражыў суседзтвам і знаёмствам з Васілём Быкавым, зь якім быў у адной суполцы Беларускага Народнага Фронту.

На Барысавым 55-годзьдзі ягоны сябар і паплечнік Мікола Лавіцкі прачытаў акраверш «Родзіч», апошні радок якога гучаў, тады здалося, занадта трывожна: «Час паляваньня на родзіча».

Але за вакном была вясна 1994-га, і гэты час ужо няўхільна набліжаўся.

Барыс ніколі ня скардзіўся на здароўе й абяцаў, што пражыве да ста гадоў. Аднак пасьля рэфэрэндуму 1995 году, які ён успрыняў як асабістую трагедыю, Родзіча апанавалі хваробы.

Яго паклалі ў шпіталь лекаваць ад язвы, а праз колькі дзён сям’і сказалі: сканаў ад сардэчнай недастатковасьці.

Відаць, так насамрэч і было, але міжволі згадваецца, што менавіта такі дыягназ паведамлялі ў сталінскія часы родным расстраляных «ворагаў народу».

Родзіча хавалі пад бел-чырвона-белым сьцягам і пад пільным вокам некалькіх невядомых нікому людзей. Аўтамабіль зь імі зьехаў адно тады, калі над магілаю людзі засьпявалі «Магутны Божа» — як быццам сам наш хрысьціянскі гімн адпрэчыў сатанінскую сілу.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 424–425.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG