Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўніка «Белшыны» звольнілі за прагул, хоць ён быў на сутках


Бабруйск, заводакіраўніцтва «Белшыны»
Бабруйск, заводакіраўніцтва «Белшыны»

35-гадовага бабруйчаніна Сяргея Мардушкова затрымалі на Дзень Волі і асудзілі на 15 сутак арышту за «несанкцыянаваны пікет».

Шэсьць дзён ён галадаў, пратэстуючы супраць несправядлівага прысуду. Кіраўніцтва прадпрыемства знаходжаньне супрацоўніка ў ізалятары палічыла прагулам без уважлівай прычыны і звольніла яго.

Мардушкоў зьбіраецца дамагацца аднаўленьня на працы праз суд.

Раней сьцяг вывешваў два разы на год. У ізалятары галадаў

Сяргей Мардушкоў адпрацаваў на «Белшыне» амаль 11 гадоў. Спачатку рабіў грузчыкам і вучыўся ў Гомельскім унівэрсытэце транспарту. Атрымаўшы дыплём, перавёўся ў аддзел продажу шын. У студзені 2020 году стаў працаваць па спэцыяльнасьці, атрыманай ва ўнівэрсытэце (лягістыка транспартных перавозак). На выкананьне службовых абавязкаў нараканьняў не было, кажа ён.

Сяргей Мардушкоў кажа, што на працягу некалькіх год на 25 сакавіка — гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, і 27 ліпеня — Дзень прыняцьця дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі, вывешваў бел-чырвона-белы сьцяг у акне сваёй кватэры — і прэтэнзіяў да яго не было.

Сёлета ж за сьцяг у акне яго забралі з працы, а ў аддзеле міліцыі склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаваньне. Чакаць суду пакінулі ў ізалятары. Далі магчымасьць паведаміць кіраўніцтву, дзе ён.

Сяргей Мардушкоў
Сяргей Мардушкоў

26 сакавіка Сяргея Мардушкова асудзілі на 15 сутак. Патэлефанаваць кіраўніцтву гэтым разам не ўдалося. У ізалятары ён далучыўся да галадоўкі іншых асуджаных за Дзень Волі. Шасьцёра палітарыштантаў пратэставалі супраць несправядлівых і палітычна матываваных прысудаў ды нялюдзкага абыходжаньня.

«Павінен быў прадбачыць наступствы, вывешваючы сьцяг»

На працу Сяргей Мардушкоў выйшаў толькі 10 красавіка з даведкай, што 15 дзён знаходзіўся ў ІЧУ. На патрабаваньне кіраўніцтва пісьмова патлумачыў, з чым быў зьвязаны арышт. Кажа, што на працы правялі службовае расьсьледаваньне, а з суду даслалі пастанову аб пакараньні.

Працоўная кніжка Сяргея Мардушкова з выпіскай аб звальненьні
Працоўная кніжка Сяргея Мардушкова з выпіскай аб звальненьні

«Вырашылі, што я парушыў працоўную дысцыпліну, учыніўшы прагул без паважлівай прычыны, — кажа ён. — Мне сказалі, што я павінен быў прадбачыць наступствы, вывешваючы сьцяг».

30 красавіка было для Сяргея Мардушкова апошнім працоўным днём. Звальненьне ён лічыць незаконным і настойвае, што прадставіў дакумэнт, які сьведчыць пра немагчымасьць выхаду на працу. Спыненьне працоўных адносінаў зьбіраецца абскарджваць у судзе.

З запісу ў працоўнай кніжцы вынікае, што наймальнік скасаваў кантракт зь Сяргеем Мардушковым са сваёй ініцыятывы, бо работніка не было на працоўным месцы без уважлівай прычыны больш за тры гадзіны. Працадаўца спаслаўся на 42 артыкул Працоўнага кодэксу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG