Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску пасьля візыту міністра Кубракова «палітычным» зрабілі больш жорсткія ўмовы. Дваіх кінулі ў карцар


Магілёўскі Ізалятар часовага ўтрыманьня
Магілёўскі Ізалятар часовага ўтрыманьня

Пасьля 15 дзён адміністрацыйнага арышту з бабруйскага ізалятара выпусьцілі асуджаных за Дзень Волі Сяргея Мардушкова і Паўла Кабанчука. Яны з чатырма іншымі зьняволенымі трымалі галадоўку. Пра яе родзічы даведаліся ад супрацоўнікаў ізалятара, якія папрасілі забраць прынесеныя раней перадачы.

4 дні ў карцары і сухая галадоўка пасьля візыту Кубракова

44-гадовага Паўла Кабанчука затрымалі 25 сакавіка за тое, што на машыне меў наклееную Пагоню. Судзілі яго на наступны дзень у ізалятары. Разам з Іванам Манько ды Ўладзімерам Міхалапам, якіх асудзілі на 30 дзён арышту, галадаваў, пратэстуючы супраць абвінаваўчага прысуду. У галадоўцы трое мужчын былі 10 дзён — да 6 красавіка.

Па словах Паўла, яго і Ўладзімера Міхалапа без тлумачэньня прычынаў зьмясьцілі ў карцар. У ім ён прабыў 4 дні. Там абвясьціў сухую галадоўку і ёю дамогся сустрэчы з начальнікам ізалятара, які гутарыў з усімі шасьцю «палітычнымі». Ад яго яны даведаліся што для затрыманых на Дзень Волі яму загадалі зрабіць больш жорсткія ўмовы ўтрыманьня.

Павал кажа, што такі загад аддаў міністар унутраных спраў, які пабываў у Бабруйску (31 сакавіка. — РС) і якому падалося, што асуджаныя ў ізалятары адчуваюць сябе задужа вольна. Начальніка мясцовай вязьніцы звазілі на «экскурсію» ў ізалятар на Акрэсьціна. Пасьля гэтага стаўленьне да нявольнікаў зьмянілася.

Паводле Паўла, у карцары супрацоўнікі не дазвалялі ляжаць на адкідным ложку. Было брудна. У першую ноч да яго падсялілі «бытавіка» нападпітку. Павал мусіў саступіць яму ложак і сам «вартаваў сукамэрніка».

Вызваліўшы з карцару, Кабанчука і іншых галадоўнікаў пакінулі на карцарных умовах. Па словах суразмоўцы, «палітычных» пастаянна перакідалі з камэры ў камэру і «ўшчыльнялі» людзьмі, асуджанымі за бытавыя правіны. Пайкі гэтым сукамэрнікам давалі большыя, чым звычайна.

Забралі пасьцельную бялізну і матрацы

35-гадовага Сяргея Мардушкова затрымалі на працы за бел-чырвона-белы сьцяг у акне кватэры. 26 сакавіка яго асудзілі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Да галадоўкі ён далучыўся 31 сакавіка, калі супрацоўнікі ізалятара забралі прынесеныя родзічамі перадачы. Па словах суразмоўцы, гэтак жа паступілі асуджаныя на 20 дзён Аляксандар Парахневіч ды інвалід 3 групы, у якога хвароба Паркінсона, — Сяргей Бяляеў. Іх трымалі на карцарных умовах.

Па словах вызваленых актывістаў, шасьцярых галадоўнікаў трымалі ў трохмесных камэрах. Спалі яны па двое на адным ложку. Пасьцельную бялізну і матрацы ў іх забралі. Сьвятло гарэла ўвесь дзень, радыё не выключалася.
Абодва кажуць, што Івана Манько, Уладзімера Міхалапа, Сяргея Бяляева ды Аляксандра Парахневіча будуць да вызваленьня трымаць на ўмовах карцару.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG