Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лістоў ад мужа няма ўжо месяц». Ігар Лосік за кратамі 313 дзён


Матэрыялы справы кансультанта Радыё Свабода цяпер у Генпракуратуры, дата пачатку суду пакуль невядомая.

Блогера Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году дома ў Баранавічах. У жніўні зь СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску яго перавялі ў сьледчую турму № 8 Жодзіна, там ён знаходзіцца дагэтуль.

4 траўня Дар’я Лосік адвезла мужу перадачу. Як расказала яна ў размове са Свабодай, у апошні месяц Ігар амаль не атрымлівае лістоў з волі.

«Ігар пакуль у Жодзіне, — кажа Дар’я. — Мы ня ведаем, калі будзе этап і куды. Гэта ўсё ня вельмі хутка адбываецца. На здароўе ня скардзіцца. Адзінае, вельмі моцна злуецца на праблему зь лістамі. Яму нядаўна перадалі 12 штук, але мы выдатна ведаем, што людзі пішуць нашмат больш. Майго ніводнага ліста няма сярод атрыманых. Мне таксама ад яго нічога не даходзіць, гэта ўжо на самой справе бязьмежжа і беззаконьне. Хаця пра што мы гаворым? Я ад Ігара ўжо практычна месяц ня маю лістоў».

Дар’я Лосік расказвае, што людзі скідаюць ёй у сацсетках копіі лістоў літаральна дзясяткамі, як і фота паштовак. Аднак амаль нішто з гэтага ў турму не даходзіць.

20 траўня Ігару Лосіку споўніцца 29 гадоў. Дар’я зьвярнулася праз сацыяльныя сеткі да беларусаў з просьбай павіншаваць яе мужа загадзя.

«Я б вельмі хацела, каб лістоў зь віншаваньнямі было шмат, — заклікае яна. — Хай цэнзура, урэшце, правярае іх, выконвае сваю непасрэдную працу. Чытае лісты і аддае іх зьняволенаму, а не выкідае ў топку».

Разам зь Ігарам Лосікам будуць судзіць Міколу Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага і шэраг іншых палітвязьняў. Месца разгляду іх справы пакуль таксама невядомае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG