Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Замбавалі» пратэстоўцаў. Выйшаў фільм БТ з прэтэнзіямі да зняволеных блогераў


Палітвязень Ігар Лосік.
Палітвязень Ігар Лосік.

Зь фільма на БТ стала вядома, у чым могуць вінаваціць палітвязьняў Ігара Лосіка, Дзьмітрыя Казлова, Сяргея Ціханоўскага і іншых зьняволеных блогераў.

Сьледзтва лічыць Ігара Лосіка і яго тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу» адным з галоўных «лялькаводаў» пратэстаў у Беларусі нароўні з тэлеграм-каналам Nexta — і гэта пры тым, што Лосік быў арыштаваны яшчэ 25 чэрвеня. Пра гэта стала вядома зь фільма пра лідэраў пратэсту, які 27 красавіка паказалі ў этэры тэлеканалу «Беларусь-1». Ён быў прысьвечаны так званай групе Статкевіча і Ціханоўскага, да якой сілавікі прылічваюць Лосіка і іншых блогераў, піша Reform.by.

Згодна з вэрсіяй, пададзенай у фільме, палітык Мікалай Статкевіч вырашыў арганізаваць «каляровую рэвалюцыю» і на ролю лідэра выбраў папулярнага блогера Сяргея Ціханоўскага. Яны нібыта вырашылі выкарыстаць для падрыхтоўкі пратэстаў перадвыбарчы пэрыяд, стваралі, як сьцьвярджаюць у фільме, «штучныя чэргі на зборы подпісаў і вырашылі накручваць пратэставыя настроі праз блогераў і тэлеграм-каналы».

Адной з ключавых у гэтым працэсе названая роля блогераў і недзяржаўных СМІ. Па вэрсіі сьледзтва, была створана цэлая сетка блогераў і каналаў. Ціханоўскі, як заявіў прадстаўнік Сьледчага камітэту, сустрэўся зь берасьцейскімі блогерамі Аляксандрам Кабанавым і Сяргеем Пятрухіным (канал «Народны рэпартэр») і заплаціў ім, а Пятрухін нібыта прызнаўся ў гэтым сьледзтву.

Назвалі ў прапагандысцкім фільме і іншых блогераў і каналы, якія быццам уваходзілі ў сетку: «Шэры Кот» Дзьмітрыя Казлова, «Слуцк для жизни» Ўладзімера Няронскага, «Поставщина для жизни» Андрэя Новікава, «MozgON» Уладзімера Цыгановіча і «Беларусь головного мозга» Ігара Лосіка. Усяго ў сетцы нібыта былі сотні каналаў.

Пры гэтым стваральнікі фільму заявілі, што шэраг пратэстоўцаў «былі замбаваныя тэлеграм-каналамі», у чым яны нібыта прызнаваліся. Пры гэтым на кадрах «прызнаньняў» фігуравалі пабітыя людзі.

Паводле першага намесьніка начальніка галоўнага сьледчага кіраваньня Сьледчага камітэту Аляксандра Агафонава, сьледзтва нібыта выявіла скаардынаванасьць тэлеграм-каналаў для распальваньня варожасьці і маніпуляцыі грамадзтвам.

Большасьць людзей, якія пералічаны ў фільме БТ як «датычныя да арганізацыі пратэстаў», на гэты момант толькі знаходзяцца пад сьледзтвам, іх віна не даказаная ў судзе, адсутнічаюць падрабязнасьці іх крымінальных справаў.

Ігар Лосік двойчы пачынаў за кратамі галадоўку, толькі ў красавіку ён змог азнаёміцца з матэрыяламі сьледзтва. Яму забаранілі спатканьне з жонкай, а цягам 307 дзён зьняволеньня Ігар неаднойчы сутыкаўся з кепскімі ўмовамі ўтрыманьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG