Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У спатканьні з жонкай адмоўлена. Ігар Лосік за кратамі 306 дзён

Суд па справе палітзьняволенага кансультанта Радыё Свабода можа пачацца ў чэрвені.

Ігара Лосіка затрымалі ў яго дома ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 году. Ад сярэдзіны жніўня Ігар знаходзіцца ў сьледчай турме № 8 Жодзіна. Жонка Ігара Дар’я Лосік некалькі разоў на тыдзень возіць мужу перадачы з Баранавічаў. Яна расказала пра апошнія навіны ад Ігара.

«Ігар па-ранейшаму ў Жодзіне, у яго нічога новага пакуль няма, — расказвае Дар’я Лосік. — Скардзіцца, што вельмі дрэнна ходзяць лісты. Ён іх практычна не атрымлівае. Чаму так, цяжка зразумець.

Яшчэ з навінаў тое, што мне адмовілі ў спатканьні зь ім. Я разьлічвала, што пасьля завяршэньня азнаямленьня з матэрыяламі справы змагу пабачыць Ігара. У суботу 24 чысла адправіла ліст сьледчаму, прасіла дазволіць сустрэчу. А сёньня вось атрымала адказ, што ў спатканьні мне адмоўлена. Чаму, невядома. Прычынаў гэтага не тлумачаць.

Лістоў я ад Ігара зараз таксама не атрымліваю. Чаму, незразумела. Гэта такія дробныя паскудзтвы. Яны, у прынцыпе, заўсёды былі».

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, судзіць Ігара Лосіка зьбіраюцца разам зь Сяргеем Ціханоўскім, Міколам Статкевічам і шэрагам іншых палітзьняволеных. Напрыканцы мінулага тыдня Ігар скончыў знаёміцца з матэрыяламі справы, аднак пакуль невядома, калі яна будзе перададзеная ў суд — іншыя абвінавачаныя пакуль працягваюць вывучэньне матэрыялаў.

Па розных зьвестках, гэтая крымінальная справа ўтрымлівае ад 150 да 170 тамоў. Працэс пачнецца, меркавана, на пачатку чэрвеня.

XS
SM
MD
LG