Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Лосік скончыў знаёміцца з матэрыяламі справы. За кратамі палітвязень ужо 302 дні


Калі можа пачацца суд і дзе, пакуль невядома. У справе, акрамя Ігара, яшчэ 5 абвінавачаных.

Кансультант Радыё Свабода і палітвязень Ігар Лосік за кратамі з 25 чэрвеня 2020 году — ужо 302 дні. Як расказала Свабодзе яго жонка Дар’я Лосік, 23 красавіка Ігар скончыў знаёміцца з матэрыяламі сваёй справы, гэта заняло амаль месяц.

«Сёньня Ігар скончыў азнаямляцца з матэрыяламі справы, — расказала Дар’я Лосік. — Гэта канкрэтна Ігар, пра іншых фігурантаў справы не магу сказаць. Па выніках азнаямленьня будуць пададзеныя хадайніцтвы. Якія дакладна, я не магу сказаць. У далейшым справа, відаць, будзе перададзеная ў Генэральную пракуратуру. А пасьля мы будзем ведаць, дзе і калі пачнецца суд».

Акрамя Ігара Лосіка, на працэсе будзе яшчэ пяцёра абвінавачаных, у тым ліку Сяргей Ціханоўскі і Мікалай Статкевіч. Як расказвала Свабодзе жонка Мікалая Марына Адамовіч, палітык адмовіўся вывучаць матэрыялы справы яшчэ на пачатку красавіка. Сяргей Ціханоўскі свае «тамы» яшчэ вывучае.

«Па ўмовах утрыманьня ўсё застаецца па-ранейшаму, — кажа Дар’я. — Я на тыдні атрымала ад Ігара чатыры лісты, але ў двух зь іх быў выкінуты тэкст. Прыйшлі толькі паштоўкі, малюнак. Адпаведна, тэкст ліста быў выкінуты. Зараз яму менш лістоў стала даходзіць. Ён нават мне пісаў, што плынь лістоў зьменшылася. Я думаю, гэта і з цэнзурай зьвязана. Думаю, што шмат лістоў да Ігара проста не трапляе»

Па словах Дар’і, перадачы ў сьледчай турме № 8 Жодзіна для Ігара Лосіка прымаюць без праблем. У лістах да жонкі Ігар піша, што чакае пачатку працэсу хаця б таму, што нарэшце зможа яе пабачыць.

«Ігар пісаў мне, што калі пачнецца суд, то мы зможам хаця б пабачыцца, хаця б на адлегласьці, — расказвае Дар’я. — Але ўсё ж не на фатаздымках, а ўжывую. Тут падвойнае пачуцьцё, у прынцыпе. З аднаго боку, пачатак суду можа крыху разварушыць, зьявіцца нейкі пункт адліку. А зь іншага боку, закон у Беларусі адсутнічае, таму тут ёсьць і сумныя думкі, скажам так».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG