Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як прэзыдэнт вырашыць, так і будзе»,— прэм’ер Галоўчанка пра дэкрэт на выпадак фізычнай ліквідацыі кіраўніцтва краіны


Аляксандар Лукашэнка і Раман Галоўчанка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка прыняў з дакладам прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанку. Абмеркавалі эканоміку, санкцыі і перадачу ўлады.

Лукашэнка заклікаў кіраўніка ўраду ня верыць шматлікім прагнозам звонку, а «ўпрагацца і працаваць».

«Я чытаю ў СМІ розныя прагнозы: МВФ, Сусьветны банк, многія нашыя дамарослыя аналітыкі. І ня першы год бачу: яны ніводнага разу не былі аб’ектыўнымі, і мы ніводнага разу не працавалі так, як яны прагназуюць. Таму самы дакладны прагноз павінен быць ва ўраду: што будзем мець з улікам існуючых праблемаў»,— цытуе Лукашэнку БелТА.

Паводле Лукашэнкі, адна з такіх праблемаў — спроба «запалохаць Беларусь санкцыямі».

«Нельга пакідаць гэта без адказу. Трэба паказваць, што мы нацыя і ў нас ёсьць свая зямля, свая краіна», — заявіў ён, загадаўшы актывізаваць высілкі ў расейскім кірунку.

«Мы з прэзыдэнтам Расеі дамовіліся, што вы з калегам Міхаілам Мішусьціным паспрабуеце выкрышталізаваць хоць бы тыя пытаньні, якія прыйдзецца канчаткова ўрэгуляваць на ўзроўні прэзыдэнтаў. Я прапанаваў гэта зрабіць на вышэйшым дзяржсавеце, дзе будуць прысутнічаць і прэм’еры, і кіраўнікі нашых парлямэнтаў», — дадаў Лукашэнка.

У сваю чаргу, Раман Галоўчанка станоўча ацаніў вынікі працы ў першым квартале. Па яго словах, эканоміка выйшла на траекторыю росту, валавы ўнутраны прадукт склаў амаль 101%.

Таксама ён пракамэнтаваў магчымасьць перадачы прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Савету бясьпекі, што плянуецца замацаваць асобным дэкрэтам Лукашэнкі.

«Якая будзе канчатковая вэрсія рэдакцыі дэкрэту, пакуль ня ведаю. Якое прэзыдэнт прыме рашэньне, так і будзе. А рашэньне трэба прымаць, бо дэкрэт нараджаецца не на пустым месцы. Мы ўсе ведаем, што адбываецца вакол, якія мэты ставяць ворагі нашай дзяржавы — яны выходзяць за рамкі разуменьня маральных каштоўнасьцяў. Таму краіна павінна быць гатовая да ўсяго, да любога разьвіцьця сытуацыі. І прэзыдэнт як кіраўнік дзяржавы, галоўнакамандуючы, выдатна гэта разумее», — сказаў Раман Галоўчанка.

«Мы павінны быць гатовыя да любога разьвіцьця падзеяў, у тым ліку і на тых падставах, якія не закладзеныя ў дзейнай рэдакцыі Канстытуцыі: гэта магчымасьць фізычнай ліквідацыі кіраўніцтва краіны», — сказаў кіраўнік ураду.

Па словах Рамана Галоўчанкі, у праекце дэкрэту вызначана, як будзе функцыянаваць дзяржава ў выпадку пазаштатнай сытуацыі, каб не дапусьціць страты кіравальнасьці і мабілізаваць сілы на захаваньне бясьпекі грамадзян.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG