Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэст на свабоду рук. Чаму не зарэгістравалі прарасейскую партыю «Саюз»?


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на сустрэчы ў Маскве 22 красавіка 2021
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на сустрэчы ў Маскве 22 красавіка 2021

Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі прарасейскай партыі «Саюз». Вось і скончылася беларуска-расейская ідылія, якая цягнулася з жніўня 2020 году.

Сьцісла:

  • У жніўні-верасьні 2020 году Лукашэнка абяцаў Маскве ўсё, што тая пажадае. І шмат што выканаў.
  • Але як толькі зайшла гаворка пра ўплыў Расеі на ўнутраную палітыку Беларусі праз рычагі, якія Лукашэнка кантраляваць ня можа, то выйшаў аблом.
  • Расея разьлічвала лабіраваць свае інтарэсы ў Беларусі празь ляяльныя ёй партыі і арганізацыі.
  • Лукашэнка гэта зразумеў і паставіў шлягбаўм.
  • Нерэгістрацыя «Саюзу» паказала, што ў пытаньнях улады ўнутры краіны свабода рук Лукашэнкі даволі значная.

Пуцін прыйшоў на дапамогу Лукашэнку ў цяжкую для таго хвіліну, падчас масавага народнага пратэсту. Можна меркаваць, што беларускі кіраўнік у той момант абяцаў Маскве ўсё, што тая пажадае. І шмат што выканаў. Тут і пераарыентацыя беларускага экспартнага грузапатоку з партоў краін Балтыі ў расейскія парты. І інтэнсыфікацыя вайсковага супрацоўніцтва. І абвал заходняга вэктару замежнай палітыкі. І чарговае цьвёрдае абяцаньне падпісаць у хуткім часе «дарожныя мапы» інтэграцыі. І падтрымка Расеі ў яе канфлікце з Украінай. І сумеснае выкрыцьцё «змовы» супраць Лукашэнкі.

Але як толькі зайшла гаворка пра ўплыў Расеі на ўнутраную палітыку Беларусі праз рычагі, якія Лукашэнка кантраляваць ня можа (то бок — прарасейскую партыю), то выйшаў аблом. Бо гэта прэтэнзія на нейкі кавалак улады. Гэтага Лукашэнка дапусьціць ня можа. Бо яму павінна належаць уся ўлада, абсалютная і неабмежаваная.

Гледзячы па ўсім, Расея разьлічвала лабіраваць свае інтарэсы ў Беларусі празь ляяльныя ёй партыі і арганізацыі. Магчыма, разьлік яе палягае ў тым, што па новай Канстытуцыі ўлада прэзыдэнта зьменшыцца, а паўнамоцтвы парлямэнта павялічацца. Паколькі беларусы добра ставяцца да саюзу з Расеяй, то падчас свабодных выбараў прарасейскія партыі, карыстаючыся матэрыяльнай, палітычнай, інфармацыйнай падтрымкай з боку Масквы, атрымаюць большасьць у Палаце прадстаўнікоў, сфармуюць урад, і Беларусь — у крамлёўскай кішэні.

Лукашэнка гэта зразумеў і паставіў шлягбаўм. Мог бы зарэгістраваць гэтую партыю, а потым ня даць на выбарах ніводнага голасу. Але тады Расеі давялося б крытыкаваць беларускія выбары, іх вынікі, з усімі нэгатыўнымі наступствамі. Да таго ж «Саюз» з дапамогай Расеі мог бы моцна «раскруціцца», стаць заўважным гульцом на беларускім палітычным полі. І што тады з гэтай партыяй рабіць? Садзіць лідэраў у турму? Гэта зноў жа канфлікт з Расеяй.

Але ж і зараз будзе канфлікт. Аднак цяпер, пакуль партыя не «раскручаная», пра яе ведаюць толькі палітычна абазнаныя людзі, то можна спаслацца на нейкія працэдурныя моманты — маўляў, былі памылкі пры афармленьні дакумэнтаў і інш.

Чаму Лукашэнка асьмялеў?

Па-першае, цяпер ён узяў сытуацыю пад кантроль, і патрэба ў расейскай падтрымцы не такая вялікая, як у жніўні-верасьні мінулага году. Па-другое, Пуціну, які «ўпісаўся» за Лукашэнку, няма куды дзявацца. Ён вымушаны яго падтрымліваць ужо з уласных прычын, проста дзеля страху перад народнай рэвалюцыяй у самой Расеі. Лукашэнка гэта разумее і на гэтым гуляе.

Увогуле, пытаньне пра рэгістрацыю «Саюзу» было пэўным тэстам, маркерам, які вызначае дыяпазон свабоды рук Лукашэнкі ў расейскіх абдымках. І тэст паказаў, што ў пытаньнях улады ўнутры краіны гэтая свабода даволі значная. Таксама гэта значыць, што ўплыў Масквы на працэс трансфэру ўлады ў Беларусі абмежаваны.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG