Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Ціханоўскай разам з амбасадарамі Літвы і Польшчы адкрылі ў Празе выставу пра Канстытуцыю 3 траўня. ФОТА


Урачыстае адкрыцьцё выставы.
Урачыстае адкрыцьцё выставы.

3 траўня ў цэнтры Прагі прадстаўнікі Літвы, Польшчы і Беларусі ўрачыста адкрылі выставу, прысьвечаную 230-й гадавіне першай мадэрнай эўрапейскай Канстытуцыі.

Літву і Польшчу прадстаўлялі амбасадары гэтых дзяржаваў у Чэхіі, Беларусь — прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай у міжнародных справах Дзяніс Кучынскі.

Паводле Кучынскага, для офіса Ціханоўскай вельмі сымбалічна быць суарганізатарам гэтай выставы:

Дзяніс Кучынскі
Дзяніс Кучынскі

— Гэта чарговая нагода ўспомніць пра салідарнасьць, якую праяўляюць Літва, Польшча і Чэхія з далёкіх часаў. Канстытуцыя 3 траўня 1791 году — чарговая нагода ўспомніць пра наша братэрства і тое, што ў сапраўды складаных сытуацыях сябры заўсёды дапамагаюць. Для нас вельмі сымбалічна ўспамінаць пра нашых супольных герояў. Канстытуцыя 3 траўня асацыюецца з трыма жахлівымі падзеямі ў нашай гісторыі — трыма падзеламі Рэчы Паспалітай, а таксама з Тадэвушам Касьцюшкам, які быў сапраўдным героем. Такія ж самыя героі — усе беларусы, якія пратэстуюць, змагаюцца за свабоду, за аднаўленьне закону ў нашай краіне. Мы заклікаем кожнага ўнутры Беларусі і звонку быць такімі ж самымі героямі, як быў Касьцюшка, дапамагаць іншым народам змагацца за сваю свабоду і тыя каштоўнасьці, якія мы ўсе падзяляем.

Адзін з арганізатараў выставы, Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Літвы ў Чэхіі Лайманас Талат-Кялпша, параўнаў Канстытуцыю са старой кнігай, якую чым часьцей вывучаеш, тым больш новых рэчаў для сябе адкрываеш:

Амбасадар Літвы ў Чэхіі Лайманас Талат-Кялпша
Амбасадар Літвы ў Чэхіі Лайманас Талат-Кялпша

— Канстытуцыя 3 траўня і ёсьць такой кнігай, частку якой Польшча ўжо даўно перачытала і добра зразумела важнасьць гэтай Канстытуцыі, гэтай падзеі ва ўсёй эўрапейскай гісторыі. Літва для сябе гэта пачала адкрываць 20–30 гадоў таму. І сёньня вельмі важна, што адкрываюцца яшчэ новыя старонкі, калі людзі Беларусі пачынаюць для сябе адкрываць і ўсьведамляць важнасьць гэтай Канстытуцыі. Мы праводзім гэтую імпрэзу ў Празе сумесна, з удзелам офіса спадарыні Сьвятланы Ціханоўcкай. Мы рады, што яны далучыліся і зрабілі свой унёсак і прадставілі розныя матэрыялы для гэтай выставы.

Як адзначаюць арганізатары выставы, «Канстытуцыя стала кульмінацыяй палітычных, сацыяльных і эканамічных рэформаў у Рэчы Паспалітай абодвух народаў і, па сутнасьці, распачала новую гістарычную пэрспэктыву Літвы, Польшчы і Беларусі як сучасных грамадзтваў... Два вялікія паўстаньні XIX стагодзьдзя супраць Расейскай царскай імпэрыі (1831 і 1863) таксама былі заснаваныя на ідэалах гэтай канстытуцыі. Пахаваньне парэшткаў Кастуся Каліноўскага, аднаго з кіраўнікоў паўстаньня 1863 году, у Вільні ў лістападзе 2019 году стала падзеяй, якая аб’яднала беларускае грамадзтва і стала своеасаблівым уступам у драматычны рух за свабоду і годнасьць пасьля фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 году».

Адкрыцьцё выставы адбывалася з улікам абмежаваньняў, зьвязаных з пандэміяй каранавірусу.
Адкрыцьцё выставы адбывалася з улікам абмежаваньняў, зьвязаных з пандэміяй каранавірусу.

На адкрыцьцё выставы прыйшлі прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу. Як стала вядома Свабодзе, прадстаўніка амбасады Беларусі не запрашалі.

Выстава ў Празе будзе працаваць да 14 траўня.

Фрагмэнт выставы, прысьвечанай 230-й гадавіне першай мадэрнай эўрапейскай Канстытуцыі.
Фрагмэнт выставы, прысьвечанай 230-й гадавіне першай мадэрнай эўрапейскай Канстытуцыі.

3 траўня 1791 году сойм Рэчы Паспалітай зацьвердзіў канстытуцыю — першую ў Эўропе, другую ў сьвеце і апошнюю для супольнае дзяржавы Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG