Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За расейскім журналістам, які пісаў пра яхту Ігара Сечына, спэцслужбы сачылі з 2016 году


Роман Анин

За галоўным рэдактарам выданьня «Важные истории» Раманам Аніным, у якога нядаўна прайшлі ператрусы ў крымінальнай справе, гадамі сачылі супрацоўнікі ФСБ і Сьледчага камітэту.

Пра гэта распказаў сам Анін ў артыкуле, апублікаваным у «Важных гісторыях». Журналіст піша, што яго справай займаліся людзі, датычныя да сьледзтва па справах «Нового величия» і «Седьмой студии», а таксама, як вынікае са сьцьвярджэньняў Рыгора Родчанкава, да падмены допінг-пробаў расейскіх спартоўцаў.

Раман Анін азнаёміўся з матэрыяламі крымінальнай справы, у якой праходзіць у якасьці сьведкі. Журналіст лічыць, што неўзабаве яго статус у справе зьменіцца і ён стане абвінавачаным.

Справа была заведзеная амаль пяць гадоў таму ў сувязі з публікацыяй у «Новой газете» расьсьледаваньня Аніна аб яхце «Святая княгиня Ольга», фатаграфіі зь якой публікавала ў інтэрнэце Вольга Сечына, якая тады была жонкай кіраўніка «Роснефти» Ігара Сечына. Падставай для завядзеньня справы стала заява Сечына. Паводле артыкулу аб разгалошваньні зьвестак з прыватнага жыцьця можа пагражаць пакараньне да 4 гадоў пазбаўленьня волі.

Анін сьцьвярджае, што публікацыя пра Вольгу Сечыну і яхту ня можа быць прадметам крымінальнай справы, паколькі «інфармацыя пра тое, як жонка кіраўніка дзяржаўнай кампаніі адпачывае на яхце коштам каля 150 мільёнаў даляраў, безумоўна, мусіць лічыцца публікацыяй, якая мае грамадзкую значнасьць». Анін лічыць, што галоўная мэта справы — перашкодзіць яго прафэсійнай дзейнасьці, націснуць на яго як на журналіста, даведацца пра яго крыніцы і адпомсьціць за публікацыі.

У матэрыялах сьледзтва аўтар артыкулу пра яхту ў «Новой газете» называўся як «неўстаноўленая асоба Раман Анін». На думку журналіста, яго асобу сьвядома доўгі час фармальна не вызначалі, каб з 2016 году мець легальную магчымасьць сачыць за ім і яго калегамі. ФСБ, у прыватнасьці, праслухоўвала тэлефонныя размовы Аніна. Таксама ў рамках гэтай справы быў атрыманы дазвол на прагляд электроннай пошты журналістаў Сяргея Канева і Андрэя Сухоціна.

У канцы сакавіка 2021 году кіраўніцтва Сьледчага камітэту Расеі вырашыла «рэанімаваць» справу, і 9 красавіка ў Аніна і ў рэдакцыі «Важных историй» былі праведзены ператрусы.

«Мяркуючы па матэрыялах крымінальнай справы, маёй распрацоўкай займаецца Шостая служба Упраўленьня ўласнай бясьпекі (УСБ) ФСБ», — піша Анін, называючы гэтую службу адным з самых уплывовых падразьдзяленьняў ФСБ. „СМІ яе называюць сечынскім спецназам“», — піша Анін. Журналіст зьвязвае актывізацыю расьсьледаваньня даўняй справы зь нядаўнімі расьсьледаваньнямі «Важных историй» пра «Роснефть».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG