Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік амэрыканскай вайсковай выведкі назваў Расею «экзыстэнцыйнай пагрозай» для ЗША


Пуск міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты з расейскай ядзернай сумбарыны «Уладзімір Манамах»
Пуск міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты з расейскай ядзернай сумбарыны «Уладзімір Манамах»

Дырэктар Выведнага ўпраўленьня Міністэрства абароны, генэрал-лейтэнант Скот Бэр’ер заявіў падчас слуханьняў у Кангрэсе, што расейскія ўзброеныя сілы ўяўляюць сабой «экзыстэнцыную пагрозу» для Злучаных Штатаў

Паводле словаў Бэр’ера, узброеныя сілы Расеі выкарыстоўваюцца для захаваньня ўплыву на суседнія дзяржавы, «канкурэнцыі з глябальнай перавагай ЗША і прымусу праціўнікаў, якія кідаюць выклік жыцьцёва важным нацыянальным інтарэсам Расеі».

«Масква працягвае інвэставаць у свае стратэгічныя ядзерныя сілы, у новыя магчымасьці для ўзмацненьня стратэгічнага стрымліваньня, а гэта ставіць пад пагрозу ЗША», — сказаў Бэр’ер.

Дырэктар вайсковай выведкі адзначыў, што Расея сьцьвярджае, што мадэрнізавала 82% сваёй ядзернай трыяды і распрацоўвае некалькі новых ядзерных сыстэмаў, прызначаных для пераадоленьня сыстэмаў супрацьракетнай абароны. Яны закліканы даць Расеі магчымасьць «нанесьці шкоду, якая, імаверна, была б непрымальнай для Захаду», дадаў ён.

«Расея распрацоўвае новыя падводныя лодкі з балістычнымі ракетамі, абсталёўвае свае цяжкія бамбавікі высокадакладнымі крылатымі ракетамі і мадэрнізуе свае міжкантынэнтальныя балістычныя ракеты, — адзначыў Бэр’ер. — Новая цяжкая міжкантынэнтальная балістычная ракета, трансакіянская бесьпілётная тарпэда і міжкантынэнтальная крылатая ракета — усё з ядзернай зброяй — могуць быць разгорнутыя ў канцы гэтага дзесяцігодзьдзя».

Генэрал падкрэсьліў, што моц расейскіх Узброеных сілаў заснаваная на інвэстыцыях у ядзерную зброю і яе распрацоўкі, а таксама на «звычайных узбраеньнях, у значнай ступені разьлічаных на абарончыя і рэгіянальныя апэрацыі».

«У Расеі расьце здольнасьць дэманстраваць сілу з дапамогай высокадакладных крылатых ракет вялікай далёкасьці і абмежаваных экспэдыцыйных магчымасьцяў», — дадаў ён.

Бэр’ер адзначыў, што расейскае вайсковае кіраўніцтва ўлічвае вопыт апэрацый у Сырыі пры правядзеньні падрыхтоўкі і вучэньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG