Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ абвінаваціў Расею ў дэзынфармацыі, што Захад нібыта сабатуе вакцыну «Спутник V»


Пастаўкі расейскай вакцыны ў Сэрбію

Аддзел стратэгічных камунікацыяў Эўразьвязу сьцьвярджае, што расейскія ўлады выкарыстоўваюць СМІ і сацыяльныя сеткі для падрыву даверу да эўрапейскага рэгулятара

Агенцтва Эўрапейскага Зьвязу заявіла, што Расея разгарнула маштабную кампанію пашырэньня дэзынфармацыі, што Захад і ЭЗ нібыта спрабуюць сабатаваць яе вакцыну ад COVID-19 «Спадарожнік V».

У дакладзе, які апублікаваў аддзел стратэгічных камунікацый службы замежнапалітычнай дзейнасьці ЭЗ, агенцтва абвінаваціла Расею ў выкарыстаньні «антаганістычных тэзаў» і распаўсюдзе фэйкавых сьцьвярджэньняў аб тым, што іншыя краіны спрабуюць дыскрэдытаваць вакцыну, пакуль не ўхваленую для выкарыстаньня ў Эўропе.

У дакладзе таксама адзначаецца, што расейскія ўлады выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі і розныя СМІ, каб «падарваць давер грамадзкасьці» да Эўрапейскага агенцтва лекавых сродкаў (ЕМА) — галоўнага эўрапейскага рэгулятара ў сфэры лекаў і вакцын.

Эўрапейскі рэгулятар прыступіў да бесьперапыннага аналізу вакцыны «Спутник V» у сакавіку, але пакуль не ўхваліў яе выкарыстаньня.

  • 29 красавіка чэскі лекавы рэгулятар паведаміў, што спыніў вывучэньне дакумэнтацыі па «Спутнику V» празь недахоп значнага аб’ёму неабходных матэрыялаў.
  • Дзьве краіны ЭЗ — Вугоршчына і Славаччына — закупілі расейскую вакцыну самастойна (яны маюць такое права, паколькі «Спутник» ня ўключаны ў сыстэму цэнтралізаваных закупак ЭЗ), прычым у Вугоршчыне яе выкарыстоўваюць пры вакцынацыі, а ў Славаччыне закупка расейскай вакцыны, ня ўхваленай ЭЗ, выклікала ўрадавы крызіс, які прывёў да адстаўкі міністра аховы здароўя.
  • Расея папрасіла Славаччыну вярнуць пастаўленую ў краіну 1 сакавіка першую партыю вакцыны «Спутник V», пасьля таго, як Славаччына правяла ўласную экспэртызу і абвясьціла, што ёй прыслалі вакцыну, якая адрозьніваецца ад узораў, якія выпрабоўвалі для навуковага часопісу The Lancet. Расея хоча зрабіць уласную экспэртызу вернутых узораў.
  • У Беларусі 26 лютага пачаўся выпуск расейскай вакцыны «Спутнік V».
  • Вакцына «Спутник V» ухваленая ў 60 краінах з агульным насельніцтвам каля 3 мільярдаў чалавек.

Якія засьцярогі адносна «Спутника»?

Экспэрты кампаніі «Імунатэхналёгіі» заяўляюць, што «празь вельмі абмежаваны час на распрацоўку прэпарата вытворца вакцыны не рабіў тэсты на стабільнасьць, гэта значыць не спрабаваў зразумець, што адбываецца з прэпаратам пры падвышаных тэмпэратурах. Вакцына ня можа нават пяць хвілін знаходзіцца пры тэмпэратуры, вышэйшай за −18 градусаў». Выпрабаваньні на стабільнасьць працягваюцца, але Славаччына, напрыклад, заявіла, што не атрымала ад Расеі 80% дакумэнтацыі, якую павінен прадстаўляць вытворца вакцыны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG