Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларускі не пайшлі на конкурс прыгажосьці


Аляксандар Лукашэнка (справа) разам з жанчынай са службы пратаколу сустракае у Менску прэзыдэнта Армэніі Сэржа Саргсьяна ў лістападзе 2017
Аляксандар Лукашэнка (справа) разам з жанчынай са службы пратаколу сустракае у Менску прэзыдэнта Армэніі Сэржа Саргсьяна ў лістападзе 2017

Беларускі пратэст канчаткова перамог на ўзроўні сьвядомасьці. Больш ня можа быць сумневаў, бо проста цяпер мы назіраем, як руйнуецца адзін з найважнейшых падмуркаў старой сыстэмы каштоўнасьцяў — паміраюць конкурсы прыгажосьці.

У Берасьці на абласны адбор прыйшла толькі адна дзяўчына, у Горадні конкурс быў у закрытым рэжыме і пад міліцэйскай аховай, а звыклага ажыятажу і актыўных груп падтрымкі не было, здаецца, увогуле нідзе.

І гэта паўнавартасны паказьнік таго, што па-старому сыстэма ўжо не працуе на ўсіх узроўнях. Мінулы раз конкурс «Міс Беларусь» праходзіў у 2018 годзе, і атмасфэра там была зусім іншай. У Берасьці, напрыклад, у абласным этапе адбору ўдзельнічала каля 100 дзяўчат. У Горадні былі падобныя лічбы. А цяпер усё інакш, бо пры тым тэроры, які ладзяць сілавікі і чыноўнікі, застаецца зусім няшмат ахвотных прадстаўляць афіцыйную Беларусь нават на міжнародных конкурсах прыгажосьці.

Дзяржава доўга і ўпарта вучыла дзяўчат, што трэба імкнуцца да канвэнцыйнай прыгажосьці, каб іх (нас) цанілі, але гэты падыход больш не працуе. Цяпер у нас іншыя каштоўнасьці. Цяпер прыгажосьць — гэта не пра аб’ём таліі і даўжыню ног, а пра ўменьне выстройвацца ў «ланцугі салідарнасьці», вадзіць карагоды, шпацыраваць з кветкамі і парасонамі, годна трымацца на судах, правільна складваць перадачкі і добра падбіраць словы падтрымкі ў лістах за краты альбо на волю.

Рэзкае падзеньне папулярнасьці конкурсаў прыгажосьці — добры паказьнік таго, што юныя жанчыны сталі інакш ставіцца да саміх сябе. Стала менш самааб’ектывацыі і больш разуменьня, што стаўка на канвэнцыйна прыгожую зьнешнасьць у цяперашнім сьвеце — гэта кепскі разьлік.

Магчыма нават, што пэўную ролю адыгралі расповеды жанчын пасьля «сутак» – худзенькім цяжэй спаць на шконках без матрацаў. Гэта Беларусь, дзетка.

Увогуле, конкурсы прыгажосьці — гэта сьвятая сьвятых шматлікіх дзяржаў, дзе прэзыдэнт лічыць краіну сям’ёй, у якой ён займае пазыцыю патрыярха, і ўсе вакол павінны яго радаваць і рабіць ягонае жыцьцё максымальна прыемным. Лукашэнка ў гэтым пляне зусім не ўнікальны, а хутчэй наадварот — зусім сабе тыповы дыктатар, які ўпарта акружае сябе маладымі дзяўчатамі мадэльнай зьнешнасьці.

У Беларусі для гэтага нават ёсьць назва — служба пратаколу. Высокія худыя юныя жанчыны з доўгімі валасамі суправаджаюць Лукашэнку і на афіцыйных мерапрыемствах, і на зборы ўраджаю. Іх фактычна выкарыстоўваюць у якасьці аксэсуараў – вось дарагі стол і крэслы, вось сьмешны шпіц, вось малодшы сын, а вось прыгожыя дзяўчаты. А конкурсы прыгажосьці заўжды былі гэткай фабрыкай, зь якой гэтыя дзяўчаты траплялі наўпрост у службу пратаколу.

Арганізатар аднаго зь першых конкурсаў прыгажосьці ў Беларусі Аляксандар Варламаў расказваў, што Лукашэнка асабіста выбіраў пераможцаў і непасрэдна кіраваў працэсам. Таксама мадэльер сьцьвярджаў, што некалькі разоў яго прасілі выбраць дзяўчат, каб тыя «бавілі час разам з Лукашэнкам».

Чуткі пра тое, што ўдзел у конкурсе прыгажосьці можа быць зьвязаны з сэксуальнай эксплуатацыяй, хадзілі даўно, але самі конкурсы ўсё адно заставаліся папулярнымі. Ці то шмат хто ня верыў гэтым чуткам, ці то магчымасьць павысіць свой сацыяльны статус здавалася дзяўчатам больш значнай, чым рызыка быць вымушанай фліртаваць альбо нават займацца сэксам пад прымусам.

А цяпер усё інакш. І хай пратэст пакуль не перамог у тым сэнсе, што Лукашэнка застаецца на сваёй пасадзе і працягвае прымаць рашэньні ўнутры краіны. Мэнтальнасьць грамадзтва кардынальна зьмянілася. З самапавагай і годнасьцю ў нас «у сярэднім па лякарні» стала нашмат лепей. А Лукашэнка хай шукае сабе новыя аксэсуары. Сярод рэчаў, а не паміж людзей.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG