Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 100 гадоў з дня нараджэньня Міколы Ермаловіча


Мікола Ермаловіч
Мікола Ермаловіч

Падзеі 29 красавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

29 красавіка 1921 году нарадзіўся беларускі гісторык Мікола Ермаловіч, аўтар папулярных кніг па гісторыі Беларусі «Старажытная Беларусь», «Па сьлядах аднаго міту», «Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае».

Кніга Міколы Ермаловіча «Старажытная Беларусь»
Кніга Міколы Ермаловіча «Старажытная Беларусь»

Упершыню я сустрэўся зь ім у студэнцкія гады. Дзень пры дні ў чытальнай залі беларускага аддзелу Дзяржаўнай бібліятэкі зьяўляўся й заседжваўся да закрыцьця чалавек з надзіва адметным тварам — разумным, прасьветлена-адухоўленым і разам з тым нейкім безабаронным.

Прычынаю апошняга быў вельмі слабы зрок: здавалася, лінзы такіх акуляраў імгненна запаляць ад сонца паперу.

Мы пазнаёміліся нарэшце ў 1990-м, калі імя Ермаловіча ведаў кожны нацыянальна арыентаваны беларус. Ужо выйшла кнігаю ягонае славутае дасьледаваньне «Па сьлядах аднаго міту», якім мы некалі зачытваліся ў самвыдавецкім варыянце. (З працы Міколы Іванавіча вынікала, што аніякай, здавалася б, назаўсёды замацаванай у школьных і ўнівэрсытэцкіх падручніках «заваёвы літоўцамі беларускіх земляў» у гісторыі не было, а сама летапісная Літва знаходзілася на сучасным абшары Беларусі.)

Ужо было вядома, што гэта спадар Мікола пад псэўданімам Сымон Беларус нелегальна выпускаў у сярэдзіне глухіх сямідзясятых часопіс «Гутаркі», які памнажаў ягоны аднадумца мастак Яўген Кулік.

Вочы Ермаловіча амаль ня бачылі, але яго падтрымлівала шырокае прызнаньне: прыняцьце ў Саюз пісьменьнікаў, Дзяржаўная прэмія імя Кастуся Каліноўскага за кнігу «Старажытная Беларусь», мэдаль Францішка Скарыны, атрыманьне ім, маладэчанцам, менскай кватэры, што пакінула ў мінулым штодзённыя паездкі ў электрычках, дзе Мікола Іванавіч, каб не губляць часу, нярэдка чытаў пасажырам сапраўдныя натхнёныя лекцыі.

Цяпер яго называюць заснавальнікам новай беларускай рамантычнай гістарыяграфіі. Акадэмічная навука мае да ягоных працаў шмат прэтэнзіяў, але ніхто з крытыкаў ня можа адмовіць, што Мікола Ермаловіч у свой час зьдзейсьніў сапраўдны подзьвіг — адкінуўшы канцэпцыі несамастойнасьці і другараднасьці гісторыі Беларусі, абудзіўшы цікавасьць да мінулага ў дзясяткаў тысяч суайчыньнікаў, спрычыніўшыся да вострых навуковых і грамадзкіх дыскусіяў за межамі краіны.

Пры канцы 1990-х ягоныя вочы маглі адно адрозьніць сьвятло ад цемры. У іншай дзяржаве чалавек з такімі заслугамі атрымаў бы й адпаведны мэдычны догляд, і аўтамабіль з кіроўцам. Між тым Ермаловіч мусіў рухацца па Менску амаль навобмацак.

Пераходзячы вуліцу, ён загінуў пад коламі таксоўкі, так і не пасьпеўшы ўзяць у рукі сваю выніковую кнігу «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае».

Сьмерць Міколы Ермаловіча зь ліку тых, што застануцца на сумленьні цяперашняга рэжыму. Я люблю азначэньне Жуля Мішле: «Гісторыя — гэта ўваскрашэньне». Ермаловічу больш даспадобы быў Пліні Малодшы: «Гісторыя пішацца для высьвятленьня праўды».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне. С. 466–467.


Таксама ў гэты дзень

1770 Джэймс Кук упершыню высадзіўся ў Аўстраліі.

1918 — Цэнтральная Рада Ўкраіны прыняла канстытуцыю Ўкраінскай Народнай Рэспублікі, якая так і не набыла моц. Нямецкія войскі акупавалі Ўкраіну, на патрабаваньне нямецкай акупацыйнай улады Цэнтральная Рада была распушчаная, ліквідаваная Ўкраінская Народная Рэспубліка і ўтвораны гетманат Паўла Скарападзкага.

1945 — войскі саюзьнікаў вызвалілі вязьняў канцлягера Дахаў.

1975 — у часе віетнамскай вайны пачалася эвакуацыя амэрыканскага пэрсаналу з Сайгону.

1996 — выйшаў у сьвет першы том Беларускай энцыкляпэдыі.

1997 — cтворана Арганізацыя па забароне хімічнай зброі.

У гэты дзень нарадзіліся

1884Самуіл Агурскі, беларускі і габрэйскі гісторык.

1899 Дзюк Элінгтан, амэрыканскі кампазытар.

1940Уладзімер Ганчарык, адзіны кандыдат ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах у 2001 годзе.

У памяці

1924Міхаіл Пліс, беларускі праваслаўны сьвятар і грамадзкі дзяяч.

1931Яўхім Карскі, філёляг-славіст, мовазнаўца, фальклярыст, этнограф, заснавальнік навуковага беларусазнаўства.

1980Альфрэд Гічкок, амэрыканскі кінарэжысэр, клясык фільмаў жахаў.

1995 Андрэй Пяткевіч, паэт, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980–1990-х, перасьледаваны КДБ.

Сябры казалі, што вялікае й мізэрнае, высокае й нізкае, прарочае й аблуднае спалучаліся ў ім — паэту ад Бога — неверагодна арганічна. Я сустракаўся зь ім усяго тройчы, і першае ўражаньне — о, як шмат зацятасьці, вальналюбнасьці й бунтоўнасьці ў гэтым, нечым падобным да дзядка-лесавічка худзенькім юнаку з хворым сэрцам! — з кожным разам рабілася ўсё мацнейшым.

Тыя навіны пра Андрэя, што я чуў ад агульных сяброў з Таварыства вольных літаратараў, стваралі жыцьцяпіс, падобны да паданьня.

У 1989-м на вечарыне ў Гарадзенскім унівэрсытэце студэнт Пяткевіч, вядомы як адзін з стваральнікаў сумнеўнай з гледзішча ўладаў суполкі «Верш-гурт Дыяген», прадэклямаваў свой паэтычны твор «Над нашай краінаю свастыкай зорка...». Вынікам гэбісцкіх допытаў сталася публікацыя ў газэце «Пагоня» скандальнага Андрэевага артыкула «Паэт і камітэт».

Працягваць навучаньне пасьля тых падзеяў ён ня здолеў і жыў у роднай наваградзкай вёсцы на інвалідную пэнсію й сродкі ад зьбіраньня зёлак.

У вольны ад гэтага занятку час Андрэй шмат пісаў.

Хто мяне чакае ўночы?
Можа, д’ябал, мо Хрыстос?

Тыя гады былі для яго пэрыядам своеасаблівага богашукальніцтва. «Я хаця лічу сябе поствернікам, але „Бог“ заўсёды пішу зь вялікай літары», — прызнаваўся Андрэй.

Заўзята і вынаходліва змагаючыся з хлусьнёй у розных яе іпастасях, Пяткевіч зарэкамэндаваў сябе ўмелым ды вясёлым кансьпіратарам і містыфікатарам.

14 ліпеня 1990 году сьвіслацкая раёнка «Заветы Ильича» надрукавала ягоную бяскрыўдную, на першы погляд, рыфмаванку, што, як неўзабаве выявілася, была шкодніцкім акравершам «КПСС — наш вораг» (Акраверш — тэкст, складзены зь першых літараў кожнага радка верша. — РС).

Асаблівую пікантнасьць публікацыі надавала тое, што верш зьявіўся ў тым нумары, дзе паведамлялася пра ХХVІІІ зьезд кампартыі Савецкага Саюзу.

Пазьней Андрэю прапаноўвалі аднавіцца ва ўнівэрсытэце. Ён адказаў вершам:

Мая бочка — калгас,
А я сам — Дыяген.
Не вярнуся да вас,
Не схілю я кален!

Дзень ягонага разьвітаньня з жыцьцём невыпадкова зусім побач з датай першага ініцыяванага рэжымам рэфэрэндуму. Андрэй зацята спрачаўся з аднавяскоўцамі ды з бацькамі. Урэшце сэрца канчаткова стамілася.

А я, напэўна, застануся з птушкамі,
Пакіну людзям непатрэбны тлум.
Дзе ветрык раніцай туманы гушкае,
Я адзіноту зноў сваю нясу...

Усе ягоныя дзёньнікі й сшыткі зь вершамі бацька спаліў.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 414-415.

2002 Ігар Гермянчук, рэдактар газэты «Свабода», дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня.

Думаючы пра Ігара Гермянчука, я найперш згадваю ягоныя вочы — дапытліва-засяроджаныя, але разам з тым нязьменна ўсьмешлівыя і сагрэтыя іроніяй. Вочы ўнутрана свабоднага чалавека.

Упершыню я сустрэў яго, студэнта факультэту журналістыкі БДУ, на пачатку 1980-х у ўжо авеянай паданьнямі Беларускай сьпеўна-драматычнай майстроўні. Я яшчэ ня ведаў, што Ігар ня толькі бярэ ўдзел у фальклёрных сьвятах ды адказвае на экзамэнах па-беларуску. Працуючы на паліграфкамбінаце імя Якуба Коласа, ён выносіў адтуль наборныя літары для нелегальнай друкарні, якую марыў стварыць зь сябрамі-майстроўцамі.

Незалежная Беларусь сталася мэтаю і зьместам ягонага жыцьця зь юначых гадоў.

У 1990-м Гермянчук, якому ня споўнілася яшчэ й трыццаці, быў абраны ў Вярхоўны Савет БССР 12‑га скліканьня. Адзін з самых маладых дэпутатаў, ён з калегамі з фракцыі БНФ вяртаў нашую краіну на палітычную мапу сьвету.

У красавіку 1995-га Ігар разам зь іншымі дэпутатамі ад апазыцыі абвясьціў галадоўку пратэсту супраць рэфэрэндуму пра дзяржаўную мову і сымболіку. Уначы ў залю Вярхоўнага Савету ўварваліся галаварэзы ў чорных масках...

Трыццацігадовым Ігар узначаліў газэту «Свабода», якая пры ім зрабілася найбуйнейшым і найпапулярнейшым незалежным выданьнем краіны, дасягнуўшы 100-тысячнага накладу.

Ён, магчыма, як ніхто іншы з рэдактараў, разумеў магутную стваральную сілу нацыянальнай памяці. Даведаўшыся, што дзяржаўныя выдавецтвы адмовіліся друкаваць нашыя з Генадзем Сагановічам «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі», Гермянчук прапанаваў цалкам апублікаваць кнігу на старонках «Свабоды».

Пазьней «Дзесяць вякоў...» чатыры разы выходзілі ў кніжным фармаце, але для мяне найдаражэйшым застаецца тое першае, газэтнае выданьне, якое тыдзень за тыднем у суботніх нумарах чыталі дзясяткі тысяч беларусаў.

За сьмелыя публікацыі пракуратура чатыры разы заводзіла на Ігара крымінальныя справы. Невядомыя прыцэльна стралялі па вокнах ягонага дому.

Пры канцы 1997-га газэта «Свабода» была забароненая, але празь лічаныя месяцы Ігар здолеў адрадзіць яе пад назовам «Навіны».

Алег Трусаў, які добра ведаў Ігара і працаваў зь ім разам у Вярхоўным Савеце, кажа, што Гермянчук нагадваў яму Кастуся Каліноўскага.

Жыцьцю і трагічна-заўчаснаму сыходу Ігара прысьвяціў сваю кнігу-біяграфію «Спадар Свабода» Сяргей Астраўцоў (Бібліятэка Свабоды, 2020).

Дактары сьцьвярджаюць, што ягонае сэрца спыніла невылечная хвароба. А мне здаецца, ён проста задыхнуўся ад вострага недахопу свабоды.

У Беларускай энцыкляпэдыі месца для артыкулу пра Ігара не знайшлося. Але ў той Беларусі, дзеля якой ён жыў, зьявяцца іншыя энцыкляпэдыі.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 488-489

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG