Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі б замах быў сапраўдны, то КДБ апэравала б найвышэйшай мерай пакараньня». Алесь Міхалевіч пра тое, як «ламаюць» у СІЗА КДБ


Алесь Міхалевіч, 2015 год

Адвакат і былы кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч пракамэнтаваў у інтэрвію «Свабодзе» справу аб «падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту».

Ён пералічыў дэталі, якія сьведчаць пра яе пастановачнасьць, і расказаў, якімі мэтадамі ў 2011-м у СІЗА КДБ яго прымушалі супрацоўнічаць з Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі.

Палітык стаў адным зь фігурантаў справы «Аб масавых беспарадках» 2010 году. Пэўны час ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ і быў першым, хто заявіў пра катаваньні ў турэмных засьценках. Выйшаўшы пад падпіску аб нявыезьдзе, ён пакінуў Беларусь і эміграваў у Чэхію, дзе атрымаў палітычнае прыстанішча. У верасьні 2015 году вярнуўся на радзіму.

Крымінальная справа аб тагачасных падзеях на Алеся Міхалевіча была прыпыненая, але не закрытая. Летась яе маглі спыніць праз тэрмін даўнасьці. Алесь Міхалевіч з гэтай нагоды зьвярнуўся ў Сьледчы камітэт, але там адказалі, што справу спыняць не зьбіраюцца.

Як у СІЗА КДБ выбівалі паказаньні зь Міхалевіча

  • У беларускіх СІЗА шырока прымяняюцца катаваньні, прымус і іншыя мэтады. Па такіх артыкулах, нават пры затрыманьні, прымяняліся розныя мэтады, людзей білі.
  • У маім выпадку першыя два-тры тыдні ціснулі псыхалягічна. Пазьней пачаўся агульны фізычны ціск. Напрыклад, шмат разоў на дзень вобшукі, голыя пастраеньні ўсёй камэры, складаньне фігурак зь людзей, стаяньне гадзінамі бяз вопраткі фактычна ў шпагатнай позе. У маім выпадку гэта скончылася тым, што мяне проста вывалаклі з камэры, заламалі рукі з крыкамі: «Ты будзе супрацоўнічаць ці не?» Абсалютная большасьць людзей не гатовыя ўспрымаць проста банальнае пабіцьцё і трываць яго бясконца. Я, натуральна, пачаў крычаць, што так, буду. І літаральна праз паўгадзіны як быццам зусім іншыя людзі мяне запрашаюць на размову ў будынак КДБ. І як быццам гэта ўжо ня тыя апэратыўныя супрацоўнікі. Яны пачынаюць з табой размову, але, безумоўна, цудоўна ведаюць, што ты ўжо будзеш зь імі адкрыты, каб весьці размову.
  • Першыя тыдні я адмаўляўся даваць паказаньні або даваў мінімальныя паказаньні — пра сваё імя, прозьвішча і месца жыхарства. А ўжо пасьля прымяненьня грубай фізычнай сілы, пабіцьця, натуральна, я пачаў даваць паказаньні пад пратакол. На шчасьце, я нічога ня ведаў ні пра якія падрыхтоўкі масавых беспарадкаў, пра што, уласна, і гаварыў. Але была і вялікая колькасьць непратакольных размоваў з апэратыўнымі супрацоўнікамі. І гэта асноўнае, што ёсьць.
  • У маім выпадку нават аповед пра ўмовы ўтрыманьня ў КДБ лічыўся разгалошваньнем крымінальнай справы. Без катаваньняў гэтай справы проста не было б.

Што значыць заява КДБ, што фігуранты справы «аб дзяржперавароце» пачалі даваць прызнальныя паказаньні

  • Мяне зьдзіўляе, што журналісты, у тым ліку і Радыё Свабода, сур’ёзна абмяркоўваюць тое, што заявіў КДБ. Пра мяне КДБ афіцыйна сказаў, што яны ніколі мяне не вэрбавалі. КДБ — гэта структура (як і ў прынцыпе дзяржаўная прапаганда), якая хлусіць увесь час. І ўсё, што яны кажуць, нельга ні ў якім разе ўспрымаць сур’ёзна.
  • Усё, што сказана ў КДБ, сказана пад катаваньнямі, пасьля зьдзекаў. Усё гэта трэба дзяліць на дзесяць і дваццаць. Гэта ўсё можа быць у чыстым выглядзе хлусьнёй і здабыта спэцмэтадамі.
  • Калі б Юрась Зянковіч ўжо даваў прызнальныя паказаньні і быў цалкам зламаны, думаю, што на сёньняшні момант мы б пабачылі шмат што па тэлевізіі. Бо яны даволі хутка, праз 3-4 дні, выкладаюць здымкі ў відэаэфір.
  • Мы павінны памятаць, што ў Юрася Зянковіча ў закладніках знаходзіцца ягоная супрацоўніца — Вольга Галубовіч. Яна зьяўляецца чацьвёртай арыштаванай. І гэта проста супрацоўніца ягонага юрыдычнага офісу ў Менску. Фактычна, адзін з асноўных мэтадаў для таго, каб прымусіць даць прызнальныя паказаньні — гэта шантаж жыцьцём, бясьпекай блізкімі, за якіх ты нясеш адказнасьць.
  • Для мяне відавочна, што гэтая справа ад самага пачатку распрацоўвалася і рыхтавалася. Я зьдзівіўся, калі КДБ адразу заявіла, што іх чакае да 12 гадоў турмы. Калі б гэта быў сапраўдны замах, з сапраўднымі падрыхтоўкамі і з чымсьці вельмі сур’ёзным, яны б адназначна апэравалі найвышэйшай мерай пакараньня. Ад пачатку, я думаю, гэта рыхтавалася як карцінка для беларускай тэлевізіі для таго, каб запалохаць беларускае грамадзтва. А таксама паказаць, што Лукашэнка такі важны, што ажно нешта рыхтуецца супраць яго.

Ці законна Фядуту і Зянковіча вывозілі з Масквы ў Беларусь

  • Гэтых людзей пасадзілі ў машыны, і беларускія спэцслужбы вывезьлі іх у Беларусь. З гледзішча міжнароднага права, а таксама дамоваў Беларусі і Расеі, гэта дзьве сувэрэнныя дзяржавы. І выдача людзей з адной дзяржавы ў другую можа адбывацца толькі праз экстрадыцыйны працэс. Ён уключае ў сябе пракурорскую праверку, пасьля судовае паседжаньне, потым магчымасьць абскарджаньня. Гэты працэс мінімальна ня можа доўжыцца менш за некалькі тыдняў. У выпадку зь Зянковічам і Фядутам гэта адбылося за лічаныя гадзіны.
  • Мы, безумоўна, зробім яшчэ запыт у Расею і паспрабуем атрымаць афіцыйнае пацьверджаньне таго, што ўсё было зроблена неправавымі мэханізмамі.
  • Таксама выклікае пытаньне, хто затрымліваў гэтых людзей. Ці гэта расейская ФСБ, ці беларускія спэцслужбы настолькі вольна адчуваюць сябе на тэрыторыі сталіцы суседняй дзяржавы, што могуць сабе дазволіць такія затрыманьні асабіста, а не праз расейскіх калегаў?

Ці можа абараніць Зянковіча амэрыканскі пашпарт

  • З пункту гледжаньня беларускага закону Юрась Зянковіч зьяўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. У мяне выклікае вялікае зьдзіўленьне, калі Лукашэнка крычыць, што той грамадзянін ЗША. Беларускі закон не забараняе мець двайнога грамадзянства; ён гаворыць, што Беларусь не прызнае двайнога грамадзянства. Гэта значыць, што ў адносінах зь беларускімі органам улады Юрась Зянковіч мусіць трактавацца як грамадзянін Рэспублікі Беларусь.
  • Беларусь, дарэчы, цалкам легальна можа не дапускаць да яго амэрыканскага консула і не даваць яму атрымліваць дапамогу ад ЗША. Бо Беларусь трактуе яго як свайго грамадзяніна.
  • Безумоўна, ЗША будуць сачыць за сваім грамадзянінам, таму што гэта абавязак дзяржавы — абараняць сваіх грамадзян. Гэтаксама як Швайцарыя сочыць за сваёй грамадзянкай, якая знаходзіцца ў беларускай турме. Гэта нармальна, што дзяржавы клапоцяцца пра сваіх грамадзян. На жаль, гэтага вельмі часта ня робяць такія краіны, як Беларусь, Расея і іншыя.

Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць

  • У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць па крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
  • Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядута затрыманы.
  • У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
  • Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
  • Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
  • Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
  • У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
  • Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
  • 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG