Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 28 красавіка: 2 гады турмы за дрот паміж рэек, выступ пракурора ў «карагоднай справе»

абноўлена

За дрот паміж рэек мужчыну асудзілі на 2 гады
За дрот паміж рэек мужчыну асудзілі на 2 гады

У Беларусі працягваецца судовы перасьлед праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі. Свабода сочыць за ператрусамі, арыштамі і выракамі ў крымінальных справах.

2 гады калёніі за блякаваньне чыгункі

У Марʼінай Горцы за нацягнуты паміж рэйкамі дрот на два гады калёніі агульнага рэжыму асудзілі Сяргея Розума. Судзьдзя Сяргей Васілеўскі прызнаў яго вінаватым у пашкоджаньні чыгункі, якое магло прывесьці да цяжкіх наступстваў (ч. 1 арт. 309), паведаміла «Вясна».

14 сьнежня, калі сьцямнела, Сяргей Розум абматаў дрот вакол рэек непадалёк ад Марʼінай Горкі. Ад гэтага аўтаматыка падала сыгнал, што каляіна занятая.

Праз 40 хвілін чыгуначнікі дрот зьнялі. Шкоду чыгунцы ацанілі ў 7 рублёў 67 капеек.

Фота зь месца здарэньня
Фота зь месца здарэньня

Наступнай раніцай Сяргея Розума затрымалі. Яго знайшлі па сьлядах на сьнезе.

Абвінаваўца Надзея Каліта прасіла на паўгода большы тэрмін. Яна падкрэсьліла палітычны матыў у дзеяньнях падсуднага і прывяла такія доказы:

  • Сяргей Розум быў у базе «Беспарадкі» за ўдзел у пікетах у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай (на гэта адвакат запярэчыў, што пікеты былі законныя);
  • перасылаў жонцы, а яна яму паведамленьні «з дэструктыўных тэлеграм-каналаў»;
  • быў падпісаны на тэлеграм-каналы, дзе публікаваліся заклікі пра замыканьне чыгуначных шляхоў;
  • аднойчы адправіў відэа на канал Nexta.

Чатыры тэлеграм-чаты зь Віцебскай вобласьці прызнаныя экстрэмісцкімі

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску прызнаў матэрыялы чатырох тэлеграм-каналаў экстрэмісцкімі.

«У лік Telegram-каналаў з экстрэмісцкімі матэрыяламі ўвайшлі „Орша 97%“, „Новополоцк и Полоцк 97%“, „Партизаны“, „Vitebsk_Юг“. У іх публікаваліся паведамленьні з заклікамі перашкодзіць законнай дзейнасьці дзяржаўных органаў», — гаворыцца ў паведамленьні на афіцыйным сайце УУС.

Таксама, паводле міліцыянтаў, «на гэтых каналах падбухторвалі да масавых беспарадкаў, вандалізму, блякаваньня руху на аўтамабільных трасах і чыгуначных шляхах». У дадзены момант сілавікі спрабуюць усталяваць асобы людзей, якія могуць быць адміністратарамі дадзеных каналаў і чатаў.

У «карагоднай справе» выступіў пракурор

У Берасьці ідзе ўжо трэці працэс так званай «карагоднай справы». На ім выступіў пракурор, паведаміў «Белсат». Ён запатрабаваў наступныя пакараньні:

  • 1 год калёніі агульнага рэжыму — для грамадзяніна Расеі Данілы Чамаданава.
  • 2 гады «хіміі» — для Сяргея Наліўкі, Кірылы Луда, Уладіслава Навіцкага і Радзівона Кандрацюка.
  • 1 год і 6 месяцаў «хіміі» — для маці і дачкі Алены і Вікторыі Лысковіч.
  • 2 гады «хатняй хіміі» — для Алены Гнаўк, Марыі Скакавец і Васіля Чарнецкага.
  • 1 год і 6 месяцаў «хатняй хіміі» — для Юрыя Чубыркі, Валянціны Жукоўскай і Людмілы Луцкай.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG