Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці адваката Лаеўскага падала ў суд на БДУ за сваё звальненьне


Алена Лаеўская
Алена Лаеўская

Дзьмітры Лаеўскі лічыць звальненьне сваёй маці, дацэнта катэдры грамадзянскага права юрыдычнага факультэту БДУ, адвольным.

Пра падачу пазову ў суд паведаміў сам Дзьмітры Лаеўскі. 17 красавіка ягоную маці, дацэнта юрыдычнага факультэту БДУ Алену Лаеўскую, звольнілі з унівэрсытэту праз 22 гады працы.

Фармулёўка, зь якой кіраўніцтва БДУ разьвіталася з Лаеўскай: «У сувязі з заканчэньнем тэрміну дзеяньня кантракту». Адвакат лічыць, што ягоную маці звольнілі незаконна, бо ў Працоўным кодэксе замацаваны абавязак наймальніка падоўжыць кантракт з работнікам перадпэнсійнага веку.

Але ані рэктарат, ані прафкам не зрэагавалі на гэты пункт, а, паводле адваката, падрыхтоўка да звальненьня Алены Лаеўскай пачалася «моцна загадзя».

«Калі галоўная ВНУ краіны палічыла магчымым не выконваць норму закону, а факультэт, які рыхтуе юрыстаў, прамаўчаў з нагоды звальненьня свайго выкладчыка насуперак вызначанай у законе гарантыі, то колькі яшчэ таленавітых выкладчыкаў зь юрыдычнага і іншых факультэтаў, ды і ў іншых ВНУ, могуць быць звольненыя такім жа чынам?» — спытаў Лаеўскі.

Алена Лаеўская зьяўляецца аўтаркай больш як 150 навуковых публікацый, пад яе кіраўніцтвам абаранілі 4 кандыдацкія дысэртацыі.

Раней, у сьнежні 2020-га, Лукашэнка адправіў у адстаўку з пасады судзьдзі Вярхоўнага суду і выключыў з Савету Рэспублікі Віталя Лаеўскага — бацьку Дзьмітрыя.

Дзьмітры Лаеўскі — адвакат палітзьняволеных Віктара Бабарыкі і Максіма Знака. У 2011 годзе ён абараняў Алеся Бяляцкага, які падпаў пад крымінальны перасьлед. У сакавіку адвакату аб’явілі вымову. У шэрагу іншых адвакатаў, якія працавалі ў «палітычных» справах, забралі ліцэнзіі, у тым ліку ў Людмілы Казак, Аляксандра Пыльчанкі, Сяргея Зікрацкага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG