Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На менскай «Камунарцы» звальняюць работнікаў, пакараных за ўдзел у акцыях


Кандытарская фабрыка «Камунарка», ілюстрацыйнае фота
Кандытарская фабрыка «Камунарка», ілюстрацыйнае фота

Шэрагу спэцыялістаў кандытарскай фабрыкі «Камунарка» прапанавалі спыніць працоўныя адносіны «пры згодзе бакоў». Пры адмове пагражаюць звальненьнем па артыкуле.

У рэдакцыю парталу Tut.by зьвярнуліся работнікі «Камунаркі», якія расказалі, што ім прапанавалі разьвітацца з прадпрыемствам. Пры гэтым у некаторых да заканчэньня кантракту яшчэ некалькі гадоў, а пытаньняў да выкананьня працы ў кіраўніцтва да гэтага не ўзьнікала.

«Мне прапанавалі звольніцца пры згодзе бакоў. Але я сказала, што пісаць ня буду, звальняйце паводле артыкулу. Выклікалі да ідэоляга, тэлефоны папрасілі пакінуць у прыёмнай, паклалі заяву і сказалі пісаць. Я адмовілася. Каля гадзіны паласкалі мазгі, гаварылі пра пераатэстацыю. Прыгразілі, што „артыкул знойдуць“. Далі 2 гадзіны на прыняцьце „правільнага“ рашэньня. Тэлефанавалі калегам, каб мяне як-небудзь угаварылі. Звальняюць невялікімі партыямі», — расказала ўжо былая работніца фабрыкі.

Такія прапановы паступаюць пэрсаналу з розным досьведам працы і кваліфікацыі. Па назіраньнях работнікаў, іх гісторыі аб’ядноўвае адзін агульны момант: кагосьці затрымлівалі летась або сёлета, хтосьці адбываў адміністрацыйны арышт.

Так, былая работніца «Камунаркі» сьцьвярджае, што яе звольнілі за прыцягненьне да адміністрацыйнай адказнасьці.

«Да гэтага кіраўніцтва ставілася ляяльна: калі з адпаведных структураў прыходзілі лісты, праводзілі прафіляктычныя гутаркі, папярэджвалі пад подпіс аб несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і адсылалі адказ з характарыстыкай», — кажа жанчына.

Як мінімум яшчэ трое работнікаў сьцьвярджаюць, што ім прапанавалі звольніцца праз пытаньні, якія ўзьніклі з боку сілавікоў.

Работнікі цукерачна-шакаляднага цэху кажуць, што ў іх звольнілі ня менш за двух калегаў-апэратараў. Як мінімум адзін выконваў адказную працу, «на якую ня возьмеш чалавека з вуліцы». Звольнілі за адзін дзень, не было часу знайсьці новую працу. Таксама не працягваюць кантракты з тымі, хто выйшаў з прафсаюзу.

«Хтосьці са звольненых пападаўся з сэлфі на фоне аўтазака, хтосьці адбываў арышт. Некага на Дзень Волі схапілі. Некаторых затрымлівалі, запісвалі іх зьвесткі, адпускалі без пратаколу, але паведамлялі на працу», — кажа яшчэ адзін супрацоўнік «Камунаркі».

Другі работнік са стажам каля 17 гадоў удакладніў, што яго звольнілі «за прагул», хоць ён у гэты час адбываў адміністрацыйны арышт. Мужчыну затрымалі 22 сакавіка, на наступны дзень прысудзілі 15 сутак. На працу выйшаў 7 красавіка, але яму паведамілі аб звальненьні днём раней.

Ёсьць зьвесткі, што за апошнія два тыдні з «Камунаркі» звольнілі больш за 20 чалавек.

Кіраўніцтва прадпрыемства сытуацыі не камэнтуе, патрабуючы даслаць пісьмовы запыт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG