Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камандуючы сіламі ЗША ў Аўганістане: вывад замежных войскаў пачаўся


Камандуючы сіламі ЗША і НАТА ў Аўганістане генэрал Скот Мілер і дарадца ў справах нацыянальнай бясьпекі Аўганістану Хамдала Магіб у часе прэсавай канфэрэнцыі (архіўнае фота)

Камандуючы замежнымі войскамі ў Аўганістане генэрал арміі ЗША Скот Мілер заявіў у нядзелю, што ўпарадкаваны вывад замежных войскаў і перадача ваенных баз і абсталяваньня аўганскім сілам пачаліся.

Мілер заявіў, што ён дзейнічае згодна з загадам, заснаваным на рашэньні прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна спыніць самую доўгую вайну ў гісторыі Амэрыкі. Прэзыдэнт прыйшоў да высновы, што вайна ў Аўганістане больш не адпавядае амэрыканскім прыярытэтам, паведамляе Голас Амэрыкі.

Раней у гэтым месяцы Байдэн заявіў, што выведзе войскі з Аўганістану да 11 верасьня — 20-й гадавіны нападаў баевікоў на Сусьветны гандлёвы цэнтар і Пэнтагон, якія паклалі пачатак вайне ў Аўганістане.

Мілер, які камандуе сіламі ЗША і місіяй NATO ў Аўганістане з 2018 году, заявіў, што замежныя сілы будуць валодаць «ваеннымі сродкамі і магчымасьцямі, каб цалкам абараняць сябе падчас вяртаньня дадому і будуць падтрымліваць аўганскія сілы бясьпекі».

«У мяне была магчымасьць пагаварыць з членамі Талібану з Палітычнай камісіі Талібану, і я заявіў ім, што вяртаньне да гвалту, спроба навязаць ваеннае рашэньне, будзе трагедыяй для Аўганістану і аўганскага народу», — заявіў Мілер журналістам у Кабуле.

Талібан кіраваў Аўганістанам з 1996 па 2001 год, калі ён быў адхілены ад улады сіламі на чале з ЗША. З тых часоў яны вялі паўстанцкую дзейнасьць і цяпер кантралююць вялікія тэрыторыі.

Экспэрты ў галіне бясьпекі нядаўна выказвалі сумневы, што Талібан дазволіць амэрыканскім войскам мірна пакінуць краіну.

У адпаведнасьці з пагадненьнем, заключаным з Талібанам у 2020 годзе, вывад замежных войскаў меўся пачацца 1 траўня.

«Па меры таго, як мы будзем зводзіць да нуля амэрыканскія сілы, мы перадамо вайсковыя базы, галоўным чынам, міністэрству абароны Аўганістану і іншым аўганскім сілам», — сказаў Мілер, адзначыўшы, што Талібан узяў абавязаньне разарваць адносіны з ісламісцкай экстрэмісцкай групоўкай «Аль-Каіда».

  • Падтрымка «Аль-Каіды» ўрадам Талібану стала асноўнай прычынай ўварваньня ЗША ў Аўганістан пасьля тэрактаў у верасьні 2001 году.
  • У дакладзе ААН, выпушчаным у студзені, сьцьвярджаецца, што ў Аўганістане знаходзяцца да 500 баевікоў «Аль-Каіды» і што Талібан падтрымлівае цесныя адносіны з імі. Талібан адмаўляе прысутнасьць «Аль-Каіды» ў Аўганістане.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG