Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнтагон: «Адной аб’явы аб перадысьлякацыі расейскіх войскаў недастаткова, каб нас абнадзеіць»


Перакідваньне расейскай вайсковай тэхнікі ў акупаваным Крыме, 23 красавіка 2021

Пэнтагон засьцярог Украіну і сусьветную супольнасьць ад залішняга даверу Маскве пасьля заявы міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу пра адвод войскаў ад украінскіх межаў.

Па словах крыніцы ў Мінабароны ЗША, частку расейскіх вайскоўцаў сапраўды адвялі ад украінскай мяжы, аднак судзіць пра сур’ёзнасьць абяцаньняў Масквы пакуль заўчасна, сказаў высокапастаўлены прадстаўнік Пэнтагону, піша «Голас Амэрыкі».

Па словах амэрыканскага чыноўніка, адной толькі аб’явы аб перадысьлякацыі расейскіх войскаў «недастаткова, каб нас абнадзеіць».

«Яшчэ занадта рана казаць, якія менавіта сілы выводзяцца, і якое менавіта ўзбраеньне, падобна, там усё яшчэ застаецца. Але я магу проста сказаць вам, што мы вельмі, вельмі ўважліва сочым за гэтым», — сказаў прадстаўнік Пэнтагону, які пагадзіўся пракамэнтаваць сытуацыю на ўмовах ананімнасьці.

Расея ў чацьвер заявіла пра завяршэньне «раптоўнай праверкі» боегатоўнасьці сваіх Узброеных сілаў у выглядзе вайсковых вучэньняў на поўдні і захадзе краіны. Манэўры расейскіх войскаў выклікалі напружаньне ў адносінах з Захадам з-за таго, што дзясяткі тысяч расейскіх вайскоўцаў засяродзіліся ля ўкраінскіх межаў, а гэта павысіла рызыку пачатку паўнамаштабнага ваеннага канфлікту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG