Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Губляюць продажы. Што з ІП, якім хочуць падвысіць падаткі


Пратэст індывідуальных прадпрымальнікаў, архіўнае фота
Пратэст індывідуальных прадпрымальнікаў, архіўнае фота

Сёлета ў лютым Дзяржкантроль накіраваў ліст у Міністэрства фінансаў з прапановай зьменаў для індывідуальных прадпрымальнікаў: падвысіць падаткі і ўнёскі ў фонд сацыяльнай абароны. Што адбываецца цяпер?

Найперш Камітэт дзяржаўнага кантролю прапанаваў падвысіць падаходны падатак (у некаторых выпадках), а таксама ўнёскі ў фонд сацыяльнай абароны.

Сярод прапановаў таксама адмена адзінага падатку для ІП. Пачаць уводзіць зьмены прапанавалі з тых, хто займаецца «высокадаходнымі відамі дзейнасьці» — зборка мэблі, аддзелачныя працы, дадатковыя жыльлёва-камунальныя паслугі.

Што цяпер з ІП

У Беларусі 272 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў, іх доля ў агульным абʼёме ВУП Беларусі — 3,2%. У студзені-лютым на ІП прыпадала 9% розьнічнага гандлю.

Пры гэтым розьнічны гандаль у першым квартале гэтага году зьнізіўся на 4,5%. Гэта значыць, прадпрымальнікі страцілі частку прыбытку і без дадатковых падаткаў.

Падаткі могуць падняць у 2022 годзе

Аб’яднаньне прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» зьвярнулася ў Мінфін, каб там патлумачылі, ці зьбіраюцца падымаць падаткі.

У адказе за подпісам першага намесьніка міністра фінансаў Дзьмітрыя Кійко гаворыцца, што «карэкціроўкі могуць быць прынятыя ў Падатковы кодэкс у 2022 годзе». Але — «з улікам меркаваньняў зацікаўленых бакоў, выказаных на розных кансультацыйных пляцоўках».

«Падняць можна, але хто будзе плаціць?»

На думку старшыні «Пэрспэктывы» Анатоля Шумчанкі, улады могуць застацца без падаткаў наогул.

«Падаткі могуць падняць, але як яны іх зьбяруць? Сёньня цяжка бізнэсу, бо істотна прасела эканоміка. Калі яны хочуць зусім застацца без падаткаў, то можна. Відаць, ва ўрадзе знайшліся людзі, якія патлумачылі гэтую сытуацыю, таму такое рашэньне хутка не прынялі», — кажа Анатоль Шумчанка.

«Калі падымуць, будзе больш ценявой эканомікі»

«Падвышэньне можа быць і кропкавае, яны канчаткова не адышлі ад гэтай ідэі. Але тады нехта сыдзе ў цень, нехта наогул перастане плаціць падаткі — да кожнага кантралёра не прыставіш», — кажа Анатоль Шумчанка.

Раней улады падвысілі падаткі для сфэры ІТ і апэратараў мабільнай сувязі, а таксама ўвялі ўвозныя пошліны на некаторыя віды тавараў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG