Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ўводзяць сэктаральныя санкцыі супраць уласнага народу


Падчас так званага Ўсебеларускага народнага сходу, Менск, 11 лютага 2021

Пакуль на Захадзе абмяркоўваюць сэктаральныя санкцыі адносна Беларусі, беларускія ўлады ўводзяць санкцыі супраць нацыянальнай эканомікі і грамадзянскай супольнасьці.

Пытаньне пра сэктаральныя санкцыі Захаду адносна Беларусі стаіць у парадку дня. Іх абмяркоўваюць заходнія палітыкі, дыпляматы. Адначасова апошнім часам улады, дзяржаўныя мэдыя прапануюць караць тых беларускіх грамадзянаў, якія заклікаюць да ўвядзеньня замежных санкцый.

Тым часам санкцыі супраць эканомікі Беларусі, грамадзянскай супольнасьці актыўна ўводзяць самі беларускія ўлады. Прычым гэтыя санкцыі якраз сэктаральныя.

Аляксандар Лукашэнка на Ўсебеларускім народным сходзе фактычна абвесьціў санкцыі супраць беларускага бізнэсу. Зь ягоных супярэчлівых тлумачэньняў вынікае, што пакуль ня будуць чапаць толькі прадпрымальнікаў, якія займаюцца вытворчасьцю. Усе астатнія сэктары пад пагрозай.

Вось Камітэт дзяржкантролю прапануе рэзка падвысіць падаткі для ІП, што можа прывесьці да спыненьня большасьцю зь іх эканамічнай дзейнасьці. Як сказаў Лукашэнка, няхай уладкоўваюцца на МАЗ.

Ну а санкцыі (дакладней, рэпрэсіі) супраць грамадзянскай супольнасьці праводзяцца ўжо некалькі апошніх месяцаў. Наступ ідзе шырокім фронтам, па сэктарах.

Спачатку садзілі за краты (і працягваюць гэта рабіць) актывістаў пратэставага руху. Потым прыйшла чарга актывістаў экалягічнага руху. Сёньня ўзяліся за журналістаў і праваабаронцаў.

Хто наступны? Сябры апазыцыйных партый? Невыпадкова ж Лукашэнка загадаў правесьці перарэгістрацыю партый. Думаю, ставіцца задача пазбавіць легальнага статусу апазыцыйныя структуры.

Каго яшчэ не зачапілі: аналітыкаў, экспэртаў? Мусіць, пакуль рукі не даходзяць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG