Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Украіны заклікаў Захад прадэманстраваць гатоўнасьць увесьці новыя санкцыі супраць Расеі


Дзьмітрый Кулеба

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што ня мае зьвестак аб рашэньні Расеі пачаць апэрацыю супраць Украіны, але дапусьціў, што «сытуацыя можа разьвівацца ў любым кірунку».

Паводле «Голасу Амэрыкі», Украіна заклікала заходніх саюзьнікаў прадэманстраваць гатоўнасьць пакараць Маскву новымі санкцыямі, у тым ліку выключэньнем з глябальнай плацежнай сыстэмы SWIFT, каб утрымаць Крэмль ад прымяненьня яшчэ большай вайсковай сілы супраць Украіны.

У інтэрвію Reuters Дзьмітро Кулеба заявіў, што, хоць Кіеў не валодае новай інфармацыяй, якая паказвала б на тое, што Расея вырашыла распачаць новыя ваенныя дзеяньні супраць Украіны, важна, каб Захад дзейнічаў неадкладна, каб не дапусьціць гэтага.

«У мяне няма інфармацыі аб тым, што рашэньне аб правядзеньні ваеннай апэрацыі супраць Украіны ўжо прынятае. Так што цяпер сытуацыя можа разьвівацца ў любым кірунку, — сказаў Кулеба. — Вось чаму рэакцыя Захаду, кансалідаваная рэакцыя Захаду, такая важная цяпер, каб ня даць Пуціну магчымасьці прыняць гэтае рашэньне».

Кулеба паведаміў, што на сустрэчы зь дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам на мінулым тыдні ён папрасіў Вашынгтон паставіць «магутныя сродкі вядзеньня радыёэлектроннай барацьбы», каб супрацьстаяць магчымасьцям Расеі глушыць ўкраінскія камунікацыі.

Ён таксама паведаміў, што заклікаў удзельнікаў сустрэчы міністраў замежных спраў краін ЭЗ у панядзелак «адключыць Расею ад SWIFT» у рамках пакету новых эканамічных санкцый, калі Расея пойдзе на абвастрэньне сытуацыі.

Заходняя дыпляматыя дапамагла стрымаць Расею, але ўсё «будзе залежаць ад таго, ці будуць яны гатовыя падмацаваць свае словы справамі», сказаў Кулеба.

Трывогу ў Кіеве і ў краінах Захаду выклікае вялікая канцэнтрацыя расейскіх войскаў уздоўж мяжы з Украінай і ў Крыме.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG