Чатыром затрыманым у справе аб спробе дзяржаўнага перавароту выставілі абвінавачаньні. Імя аднаго зь іх невядомае

Будынак КДБ у Менску, архіўнае фота
Будынак КДБ у Менску, архіўнае фота

Чатыром затрыманым у справе аб спробе дзяржаўнага перавароту выставілі абвінавачаньні, усе яны даюць прызнальныя паказаньні, заявіў начальнік аддзелу сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанцін Бычак у эфіры «Беларусь-1».

Вядомыя імёны трох затрыманых: старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандр Фядута і юрыст Юры Зянковіч. Імя чацьвёртага фігуранта не называлася, перадае БелаПАН.

Іх абвінавацілі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).

Паводле Бычака, апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы КДБ вёў больш за шэсьць месяцаў.

Ён дадаў, што замежных партнэраў пра апэрацыю не інфармавалі, каб не было выцёкаў інфармацыі. ФСБ Расеі папярэдзілі толькі за 12 гадзін да правядзеньня апэрацыі ў Маскве.

Паводле Бычака, расейцы «з колаў уключыліся ў працу» і дапамаглі затрымаць фігурантаў.

21 красавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў: «Можна мець любы погляд на палітыку Лукашэнкі, але практыка арганізацыі пераваротаў, забойствы вышэйшых асобаў — гэта ўжо занадта. Усе межы ўжо перайшлі».

Аляксандар Лукашэнка і ФСБ Расеі заявілі пра датычнасьць да рыхтаванага замаху ЗША.

У сераду прэсавая сакратарка Белага дому Джэн Псакі абвергла гэтыя абвінавачаньні.

«Я магу пацьвердзіць, што насамрэч гэтая [заява] нічым не абгрунтаваная», — сказала Псакі ў адказ на просьбу журналістаў пракамэнтаваць заявы Менску і Масквы пра датычнасьць ЗША да падтрыхтоўкі замаху, паведаміў «Голас Амэрыкі».

​
XS
SM
MD
LG