Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеці прыносяць дамоў расейскія словы. Як выглядае беларускамоўная адукацыя, пра рост якой адрапартавалі чыноўнікі


«Кожнае слова па-беларуску ёсьць цаглінкаю ў мур дзяржаўнасьці»
«Кожнае слова па-беларуску ёсьць цаглінкаю ў мур дзяржаўнасьці»

У Менску ў беларускамоўных групах і клясах ладзяць сьвяты і гавораць на перапынках па-расейску, а ў гарадах у рэгіёнах Беларусі выкладаньне роднай мовы дэградавала да ўзроўню замежнай. Пра гэта распавялі бацькі, якія змагаюцца за навучаньне сваіх дзяцей па-беларуску.

Менскі гарвыканкам заявіў пра павелічэньне колькасьці груп у дзіцячых садках, дзе выхаваньне ідзе па-беларуску. Пяць гадоў таму такіх груп было 133, цяпер — 187. Але ці ўсё так добра, як падаецца на першы погляд? Партал Rebenok.by паразмаўляў з бацькамі.

«Фізкультура і музыка заўсёды вядуцца па-расейску»

Садкі і школы, у тым ліку беларускамоўныя, напаўняюцца паводле прапіскі. Беларускамоўныя групы і клясы ў садках і школах сапраўды адкрываюцца ў Менску ўсе часьцей, але не заўсёды спадзяваньні бацькоў апраўдваюцца.

«Загадчыца вызначае сярод пэрсаналу выхавацеля, які беларускую мову ведае лепш за астатніх, і тая група, дзе ён працуе, становіцца беларускамоўнай», — кажа жыхарка кварталу «Магістар» у Менску.

У бліжэйшым да дома садку № 147 ёсьць група з роднай мовай навучаньня. Асноўныя заняткі выкладаюцца на ёй, а вось фізкультура і музыка заўсёды вядуцца па-расейску, хаця група і беларускамоўная. Калі з садка звальняецца выхавацель, які валодае беларускай, выхаваньне пераходзіць на расейскую, бо спэцыялістаў не хапае.

Дзеля таго, каб дзеці больш размаўлялі на сваёй мове, мясцовыя жыхары стварылі моўны гурток. Увосень на двары дзеці глядзелі мульцікі на беларускай мове, уцягнуліся, пыталі пра незнаёмыя словы. На выходных зладзілі бясплатныя заняткі, а некаторыя прыводзілі старэйшых дзяцей на індывідуальныя.

«Беларускамоўныя дзеці прыносяць дадому расейскія словы»

У шэрагу садкоў і школаў да беларускай фармальны падыход. Насуперак абставінам вучыць дзяцей па-беларуску Віктар Малышчыц — выкладчык ліцэю БДУ і бацька чатырох дзяцей. Галоўная праблема навучаньня, на яго думку, — бацькоўскія хваляваньні, што дзіця ня зможа знайсьці сяброў і будзе адчуваць сябе няёмка.

«Нават у беларускамоўнай групе большасьць дзяцей прывыклі дома да расейскай. Беларускамоўныя лёгка зь імі асымілююцца і прыносяць дахаты новыя расейскія словы. Я не аднойчы бачыў, як беларускамоўныя бацькі размаўляюць са сваімі дзецьмі па-расейску, бо „а як ён будзе сацыялізавацца, размаўляць зь іншымі дзецьмі? Мы ня хочам абмяжоўваць яго магчымасьці, навучаючы на беларускай мове“».

У адным з садочкаў, як Малышчыц даведаўся, ніяк ня могуць знайсьці беларускамоўную нянечку. Цяжкасьці працягваюцца і ў школе. Старэйшая дачка Віктара вучыцца ў трэцяй клясе па спэцыялізаванай праграме, бо мае дыягназ ДЦП. Такія дзеці займаюцца з дэфэктолягам, а праграмы па-беларуску для іх зусім няма. Бацька з цяжкасьцю знаходзіў падручнікі і дапаможнікі для дачкі на беларускай мове.

Памяняліся некалькі настаўніц, але з наступнага году сям’і абяцалі, што з дачкой будуць займацца на роднай мове. Калі ж у школу пайшла сярэдняя дачка, Віктар аб’яднаўся зь іншымі бацькамі, і яны стварылі першую беларускамоўную клясу Заслаўскай гімназіі. Там з заняткамі ўсё добра, але ў калідорах дзеці размаўляюць на расейскай.

«Людзі чакаюць, што хтосьці за іх усё зробіць»

Андрэй Кірэеў заўсёды хацеў, каб яго дзеці вучыліся па-беларуску. Абодвух сыноў ён водзіць у сталічную гімназію № 4. Людзі баяцца, чакаюць, што хтосьці за іх усё зробіць. Але калі знаходзіцца хтосьці ініцыятыўны, лёгка далучаюцца.

Андрэй расказвае, што калі яго дзецям была пара ісьці ў садок, ён зьвяртаўся да адміністрацыі з просьбай стварыць беларускамоўную групу.

«Мне сказалі набраць яшчэ такіх жа 20-30 бацькоў, якія хацелі б, каб дзяцей выхоўвалі па-беларуску. Дзеля гэтай мэты я нават аб’явы даваў па пад’ездах. Знайшоў ахвочых хутка, за тыдзень».

Тата гімназістаў кажа, што ўсе заняткі ў дзяцей праходзяць на роднай мове, але па-за межамі прадметаў настаўнікі і вучні размаўляюць па-расейску. Гэта пацьвярджае і мама гімназісткі Соф’і Надзея Камінская. Яна кажа, што тых, хто цалкам размаўляе на роднай мове, мала, але зацікаўленасьць расьце.

У рэгіёнах беларуская на занятках стала як замежная

Улічваючы ўсе праблемы зь беларускамоўнай асьветай у Менску, у беларускіх рэгіёнах карціна ўсё адно значна горшая за сталіцу. Як расказалі спэцыялісты аддзелаў адукацыі абласных гарадоў, у іх лічаныя клясы з роднай мовай выкладаньня, тое ж назіраецца ў садках.

На ўсё Берасьце беларускамоўныя толькі восем пачатковых клясаў гімназіі № 3, у іншых абласных цэнтрах становішча яшчэ горш.

Адна з настаўніц зь Віцебску назірае пераўтварэньне роднай мовы ў замежную. На яе думку, гэта адбываецца з-за скарачэньня колькасьці клясаў, дзе была асноўнай беларуская.

У сваю чаргу спэцыялісты адукацыі гарвыканкамаў тлумачаць зьмяншэньне колькасьці беларускамоўных устаноў у рэгіёнах незацікаўленасьцю бацькоў. Кажуць, няма заявак на клясы і групы зь беларускай мовай навучаньня, таму адкрываюць тое, што запатрабавана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG