Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго варта чакаць ад анансаванага дэкрэту Лукашэнкі?


Падчас шматтысячнага маршу пратэсту 23 жніўня 2020 года
Падчас шматтысячнага маршу пратэсту 23 жніўня 2020 года

Аляксандар Лукашэнка анансаваў прыняцьце важнага рашэньня, якое будзе, як ён адзначыў, «адным з прынцыповых рашэньняў за чвэрць стагодзьдзя прэзыдэнцтва». Зьявіцца яно мусіць, хутчэй за ўсё, у выглядзе дэкрэту. Што ж гэта можа быць за дэкрэт?

Сьцісла:

  • У практыцы законатворчасьці Беларусі прэзыдэнцкія дэкрэты — гэта найбольш важныя дакумэнты.
  • Заява Лукашэнкі зьявілася ў кантэксьце згадкі інфармацыі пра мяцеж. Таму можна меркаваць, што ў дэкрэце будуць заканадаўча аформленыя новыя, больш жорсткія захады супраць любой апазыцыі і іншадумства.
  • Таксама можна разглядаць варыянт стварэньня нейкага надзвычайнага органа ўлады, з выключнымі паўнамоцтвамі. —
  • Нічога добрага для Беларусі ад гэтага дэкрэту чакаць ня варта.

У практыцы законатворчасьці Беларусі прэзыдэнцкія дэкрэты — гэта найбольш важныя дакумэнты, якія сваім статусам вышэйшыя за ўказы ці законы, прынятыя парлямэнтам. Яны задаюць кірункі разьвіцьця пэўных сфэр эканомікі і грамадзтва.

Можна прыгадаць дэкрэт аб дармаедах, які ў 2017 годзе выклікаў выбух абурэньня насельніцтва. Падобнага роду дакумэнты зьяўляюцца ня так часта. Вось, напрыклад, у 2018 годзе быў выдадзены толькі адзін дэкрэт, у 2019-м — 4, у 2020 годзе — 5 дэкрэтаў.

Аляксандар Лукашэнка ў Александрыі, дзе і анансаваў новы дэкрэт. 17 красавіка
Аляксандар Лукашэнка ў Александрыі, дзе і анансаваў новы дэкрэт. 17 красавіка

Якога зьместу можа быць анансаваны дэкрэт? Тут можна выстройваць розныя вэрсіі.

Найперш, варта ўспомніць, у якім кантэксьце была дадзена гэтае абяцаньне. Вось як падаецца гэтая рэпліка Лукашэнкі на ягоным афіцыйным сайце:

«Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі не ўдалася спроба арганізаваць спачатку мяцеж, а пасьля гэтага «паўзучы пераварот». «Што цяпер яны могуць зрабіць? Ізноў гэта іх фразы: усё трымаецца на Лукашэнку, трэба зьнесьці. Мая задача зрабіць так: калі зьнясуць, каб у іх нічога не атрымалася. Гэта галоўная мая задача. У найбліжэйшы час, я прыняў рашэньне, мы яго зараз фармалізуем, я агучу. Гэта будзе адно з прынцыповых маіх рашэньняў за чвэрць стагодзьдзя прэзыдэнцтва. Гэта будзе вельмі сур’ёзна. Таму, нават калі мяне ня будзе, па-народнаму кажучы, „толькі праз мой труп“, у іх нічога не атрымаецца. я прыняў рашэньне. Цяпер мне трэба яго фармалізаваць. Гэта будзе, хутчэй за ўсё, дэкрэт прэзыдэнта».

То бок гэтая заява зьявілася ў кантэксьце згадкі інфармацыі пра мяцеж.

Таму можна меркаваць, што дэкрэт будзе тычыцца процідзеяньня палітычным апанэнтам. Магчыма, там будуць заканадаўча аформленыя новыя, больш жорсткія захады супраць любой апазыцыі і іншадумства.

Тут можна правесьці гістарычную аналёгію. У СССР сталінскіх часоў пасьля забойства Сяргея Кірава ў 1934 годзе было прынята рашэньне аб паскораным і спрошчаным правасудзьдзі ў адносінах да «ворагаў народу». Гэта стала пачаткам «вялікага тэрору».

Таму самая праўдападобная вэрсія палягае ў тым, што анансаваны дэкрэт можа тычыцца нейкага надзвычайнага, паскоранага і спрошчанага правасудзьдзя ў адносінах да ўсіх праціўнікаў Лукашэнкі, якіх аб’явяць змоўшчыкамі, мяцежнікамі, экстрэмістамі і тэрарыстамі. Магчыма, у гэтым сэнсе трэба разумець ягоныя развагі, што, маўляў, калі мяне «зьнясуць», каб у «іх» нічога не атрымалася. То бок, драконаўскія законы мусяць дзейнічаць і пасьля Лукашэнкі.

Можна, вядома, разглядаць і іншыя варыянты. Напрыклад, у дэкрэце будуць нейкія гарантыі недатыкальнасьці самога Лукашэнкі, ягонай сям’і і атачэньня. Ці, напрыклад, гэта будзе тычыцца стварэньня нейкага надзвычайнага органа ўлады, з выключнымі паўнамоцтвамі, магчыма, на чале з самім Лукашэнкам. Але нічога добрага для Беларусі ад гэтага дэкрэту чакаць ня варта.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG