Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пасадзілі на 15 сутак «майстра на гадзіну» з улёткамі аб паслугах, абвінавацілі, што крычаў «Жыве Беларусь»


Затрыманьні ў Менску, 25 сакавіка 2021 году. Ілюстратыўнае фота.
Затрыманьні ў Менску, 25 сакавіка 2021 году. Ілюстратыўнае фота.

Сілавікі падумалі, што ён апазыцыянэр і расклейваў улёткі.

Майстар заявіў у інтэрвію газэце «Наша ніва» аб катаваньнях у ізалятары: «А 6-й пад’ём, у 6:10 прыносяць ежу, назавем гэта так, а 9-й вас трамбуюць у сьцяну тварам, б’юць, абражаюць».

«Майстра на гадзіну» Анатоля Старасьвецкага, не разабраўшыся, затрымалі з рэклямнымі ўлёткамі «Сантэхніка, укладка пліткі, электрычныя работы» 26 сакавіка ў менскім мікрараёне. Падумалі, што ён апазыцыянэр і расклейваў агіткі.

Потым знайшліся сьведкі, склалі пратакол, нібыта той бегаў па двары, крычаў «Жыве Беларусь». Суд адбыўся праз скайп. Мужчыну пакаралі на арыштам на 15 дзён. У ізалятары Анатоль захварэў і пасьля вызваленьня яшчэ тыдзень адлежваўся дома.

«Я ўвечары вяртаўся дадому, ішоў з інструмэнтам. З сабой былі яшчэ цукеркі і шампанскае — хацеў павіншаваць бабулю з днём народзінаў. Спынілі мяне за ліхтарык: там людзі сьвяцілі ў вокны, а мне якраз патэлефанавалі, тэлефон пачаў мільгаць — я і папаўся. Міліцыянты ўбачылі, што ў мяне нейкія ўлёткі ёсьць з сабой, падумалі, што я мала таго, што апазыцыянэр, дык яшчэ і агітацыю ляпіў. Пазванілі ў РУУС, там сказалі: „Цягніце яго сюды“. Калі ў аддзяленьні маёр убачыў мае ўлёткі, адчытаў міліцыянтаў: „Вы што, зусім? Каго вы мне прывезьлі?“»

На буклетах было напісана: «Сантэхніка, укладка пліткі, электрычныя работы». Але адпускаць Анатоля не зьбіраліся. Нават тое, што ў яго з сабой шрубавёрт і працоўныя дакумэнты, нікога не зьбянтэжыла. Далі артыкул 24.23. У пратаколе напісалі, што хлопец бегаў па двары, крычаў «Жыве Беларусь», сьвяціў ліхтарыкам у вокны і тым самым заклікаў людзей выйсьці на мітынг.

Справу разглядала судзьдзя Ленінскага раёну Тацьцяна Шоцік. Паводле Анатоля, на судзе сьведчыў супрацоўнік міліцыі, які гаварыў няпраўду. Але судзьдзя пакарала на 15 сутак арышту.

Арышт ён адбываў на у турме на Акрэсьціна ў Менску і ў Жодзіне. Найгорш было ў Жодзіне:

«Нам спэцыяльна адчынілі акно, было шалёна холадна. У душы гарачая вада адсутнічала, вада ў камэры таксама толькі халодная. І спаць на нарах было немагчыма, бо балюча (матрацаў не было ні на Акрэсьціна, ні ў Жодзіне), спалі на падлозе. І я бліжэй да канца тэрміну захварэў», — распавёў Анатоль.

Інструмэнты зь міліцыі ён яшчэ не забраў. Кажа, абскарджваць прысуд не будзе — ня бачыць сэнсу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG