Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура: пасьля выбараў 9 жніўня супраць беларусаў завялі звыш 3 тысяч крымінальных спраў за пратэсты


Спроба разгону акцыі пратэсту 11 кастрычніка 2020 году ў Менску.

Па фактах сьмерцяў, пабіцьця і катаваньняў удзельнікаў пратэстаў не завялі ніводнай крымінальнай справы.

У Беларусі зарэгістравана больш за 3 тысячы злачынстваў, зьвязаных з арганізацыяй і правядзеньнем незаконных масавых мерапрыемстваў і акцый пратэсту, паведаміў намесьнік генэральнага пракурора Генадзь Дыско, якога цытуе БелТА.

Пратэсты Дыско назваў «грамадзка небясьпечнымі дзеяньнямі, накіраванымі на разбурэньне правапарадку і беларускай дзяржаўнасьці».

Намесьнік генпракурора ўдакладніў, што сілавікі выявілі больш за 750 фактаў апаганьваньня пабудоў і псаваньня маёмасьці, каля 600 абраз прадстаўнікоў улады, больш за 300 выпадкаў гвалту або пагрозы прымяненьня гвалту ў дачыненьні супрацоўнікаў міліцыі.

Па словах Дыско, на гэтым фоне «актывізавалася і кіберзлачыннасьць». Летась такіх злачынстваў зарэгістравалі больш за 25 тысяч, што амаль у 2,5 раза больш, чым у 2019. Чацьвёртая частка ўсіх злачынстваў зьдзяйсьняецца з выкарыстаньнем IT-тэхналёгій. Часьцей ад іх пакутуюць малазабясьпечаныя грамадзяне і пэнсіянэры.

Між тым пракуратура і СК не завялі ніводнай крымінальнай справы па фактах сьмерцяў, пабіцьця і катаваньняў удзельнікаў пратэстаў, пры тым, што пацярпелыя накіравалі некалькі тысяч скаргаў.

У Беларусі пасьля 9 жніўня пачаліся масавыя акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, пераможцам якіх зноў аб’явілі Лукашэнку, які знаходзіцца на чале краіны ўжо 26 гадоў. Міжнародная супольнасьць і экс-кандыдаты на прэзыдэнцкіх выбарах палічылі вынікі выбараў сфальсыфікаванымі. У краіне разгарнуліся маштабныя пратэсты. Цяпер штодня адбываюцца лякальныя акцыі пратэсту, людзей працягваюць караць суткамі, штрафамі і заводзіць на іх крымінальныя справы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG