Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паплечнікі Навальнага прызначылі мітынгі на 21 красавіка


Паплечнікі Аляксея Навальнага абвясьцілі, што мітынг у падтрымку палітыка, заяўкі на ўдзел у якім зьбіралі на сайце free.navalny.com, адбудзецца ўвечары ў сераду 21 красавіка на цэнтральных плошчах і вуліцах расійскіх гарадоў.

Раней плянавалася дачакацца збору 500 тысяч чалавек праз сайт мерапрыемства, аднак пляны зьмяніліся на фоне пагаршэньня самаадчуваньня Навальнага. Палітык знаходзіцца ў папраўчай калёніі ва Ўладзімірскай вобласьці, дзе ад 31 сакавіка трымае галадоўку з патрабаваньнем дапусьціць да яго цывільнага лекара.

«Бываюць абставіны, у якіх трэба дзейнічаць хутка, інакш адбудзецца непапраўнае. Мы прынялі рашэньне не чакаць збору 500 тысяч чалавек на нашым сайце. Падзеі разьвіваюцца занадта імкліва і занадта дрэнна. Адкладаць больш нельга», — сказана ў паведамленьні на сайце Навальнага.

Напярэдадні лекары Навальнага паведамілі, што мяркуючы па аналізах крыві, у яго ўзмацнілася рызыка нырачнай недастатковасьці і ёсьць верагоднасьць спыненьня сэрца.

16 красавіка больш за 70 сусьветна вядомых пісьменьнікаў, навукоўцаў-гуманітарыяў і актораў зьвярнуліся да Пуціна з патрабаваньнем дапусьціць да Навальнага лекара, якому ён давярае. Тое самае патрабаваньне выказалі дэпутаты расейскіх рэгіянальных парлямэнтаў. Рыхтуецца зварот да папы рымскага.

16-га сакавіка пракуратура Масквы зьвярнулася ў Маскоўскі гарадзкі суд з патрабаваньнем прызнаць Фонд барацьбы з карупцыяй і рэгіянальныя штабы Навальнага «экстрэмісцкімі арганізацыямі». Задавальненьне пазову пракуратуры можа мець наступствам сотні крымінальных справаў супраць супрацоўнікаў, валянтэраў і ахвярадаўцаў структур Навальнага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG