Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Навальны абвясьціў галадоўку з патрабаваньнем дапусьціць да яго лекара


Аляксей Навальны ў судзе, 2 лютага 2021
Аляксей Навальны ў судзе, 2 лютага 2021

Расейскі апазыцыйны палітык Аляксей Навальны, які адбывае тэрмін зьняволеньня ў папраўчай калёніі № 2 гораду Пакроў Уладзімірскай вобласьці, абвясьціў галадоўку з патрабаваньнем «выканаць закон» і пусьціць да яго «запрошанага лекара». Заява Навальнага, якую ён перадаў праз сваіх адвакатаў, апублікаваная ў інстаграме палітыка.

«Я маю права запрасіць лекара і атрымаць лекі. Ні аднаго, ні другога мне тупа не даюць. Боль у сьпіне перайшла ў нагу. Участкі правай, а цяпер і левай нагі страцілі адчувальнасьць. Жарты жартамі, але гэта ўжо напружвае», — сказана ў пасьце Навальнага.

Апазыцыянэр адзначыў, што замест мэдычнай дапамогі яго катуюць «пазбаўленьнем сну», гэта значыць «будзяць восем разоў за ноч», і што іншых мэтадаў барацьбы, акрамя абвяшчэньня галадоўкі, у калёніі няма. «Так што ляжу галодны, але пакуль зь дзьвюма нагамі», — рэзюмаваў Навальны.

Раней адвакаты Навальнага заявілі пра рэзкае пагаршэньне стану здароўя палітыка. Паводле іх, у зьняволеньні ён адчувае моцныя болі ў сьпіне, акрамя таго, у яго адымаецца нага. Пры гэтым Навальны перадаў адвакатам, што не атрымлівае належнай мэдычнай дапамогі, адміністрацыя калёніі ніяк не рэагуе на ягоныя скаргі і на просьбы дазволіць агляд цывільным спэцыялістам, а зь лекаў яму выпісалі толькі ібупрафэн. Навальны таксама скардзіўся, што турэмныя лекары не паведамляюць яму дыягназ і вынікі МРТ.

У адказ на гэта ў прэс-службе ўправы Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў па Ўладзімірскай вобласьці паведамілі, што Навальны прайшоў у калёніі мэдычнае абсьледаваньне , па выніках якога стан яго здароўя прызнаны «стабільным» і «здавальняючым». Намесьнік старшыні Грамадзкай назіральнай камісіі Ўладзімірскай вобласьці Ўладзімір Грыгар’ян заявіў, што апазыцыянэр наагул сымулюе праблемы са здароўем. Пры гэтым ён ня змог патлумачыць, чаму ён так лічыць.

  • 2 лютага Сіманаўскі суд Масквы накіраваў Аляксея Навальнага ў калёнію паводле крымінальнай справе «Іў Рашэ» 2013 году, якую Эўрапейскі суд правоў чалавека прызнаў неправамернай. Палітык павінен будзе правесьці ў зьняволеньні каля двух з паловай гадоў.
  • Каманда Аляксея Навальнага анансавала вялікія вясновыя мітынгі па ўсёй Расеі за вызваленьне апазыцыянэра.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG