Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Астраўцы выхавальніцу аштрафавалі за бела-чырвоны плед на бальконе і звольнілі з працы за «амаральныя паводзіны»


Астравец, ілюстрацыйнае фота
Астравец, ілюстрацыйнае фота

У Астраўцы выхавальніцу дзіцячага садка аштрафавалі на 580 рублёў за чырвона-белы плед на бальконе. А потым звольнілі з працы.

Жыхарка гораду Ганна Огур расказала гісторыю абсурднага затрыманьня і суду «Рэгіянальнай газэце».

«Я была на бальнічным. На балькон павесіла сушыць плед. Ён белы з чырвонай паласой пасярэдзіне і чырвонай аблямоўкай па краях. Плед падарыла нам маці мужа. Праз дзьве гадзіны прыехала міліцыя. Зайшлі ў кватэру, сказалі, што ў нас незарэгістраваная сымболіка. Муж таксама быў дома, ён працуе па зьменах. Спрабаваў спрачацца, даказваў, што плед — гэта ня сьцяг. Але нам сказалі ехаць у РАУС».

Плед і ноўтбук міліцыянты забралі, мужа і жонку апыталі. На Ганну склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні і адпусьцілі. А пасьля жанчыну зноў затрымалі і пакінулі на суткі да суду.

«Забралі на суткі, нягледзячы на тое, што ў мяне двое непаўналетніх дзяцей. І мужу нічога не паведамілі пра маё затрыманьне», — адзначае суразмоўца.

Ганну прызналі вінаватай у тым, што яна «25 сакавіка а 8-й гадзіне на бальконе ў „Дзень Волі“ правяла адзіночнае пікетаваньне шляхам вывешваньня бел-чырвона-белай матэрыі». Жанчыне прысудзілі штраф у памеры 580 рублёў.

«І ўжо 8 красавіка мяне звольнілі з працы ў дзіцячым садку паводле артыкулу за „амаральныя паводзіны“. Я працавала дэфэктолягам. Прасіла працадаўцу пачакаць, пакуль будзе адказ на апэляцыю, якую мы падалі з адвакатам. Але ўсё ж звольнілі».

Тым часам адвакат рыхтуе абскарджаньне на звальненьне Ганны, а таксама жанчына падала скаргу на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў РАУС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG