Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЭН-цэнтры Беларусі і Расеі запатрабавалі вызваленьня Аляксандра Фядуты


Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута

Творчыя супольнасьці патрабуюць спыніць палітычна матываваны перасьлед вядомага літаратара і палітоляга, забясьпечыць яго належнай мэдычнай дапамогай.

Беларускі ПЭН-цэнтар выступіў з заявай у абарону зьняволенага Аляксандра Фядуты. Ён запатрабаваў ад уладаў гарантый доступу арыштаванага да неабходнай мэдычнай дапамогі і сустрэч з адвакатам.

У ПЭН-цэнтры прыгадалі, што ў 2010 годзе Фядута ўжо правёў некалькі месяцаў пад арыштам у «амэрыканцы», пасьля таго як уваходзіў у перадвыбарчы штаб Уладзімера Някляева на прэзыдэнцкіх выбарах. Тады яго прызналі вязьнем сумленьня і палітвязьнем.

Зрэагавалі на затрыманьне Фядуты і ў Расеі. Больш за 70 пісьменьнікаў, журналістаў, літаратуразнаўцаў, перакладчыкаў і іншых сябраў ПЭН-Масква і асацыяцыі «Вольнае слова» падпісалі заяву ў падтрымку палітоляга, філёляга, тэатральнага крытыка і гісторыка культуры Аляксандра Фядуты, затрыманага ў Маскве беларускім КДБ.

«Падрыхтаваны ім зборнік успамінаў палякаў, якія жылі і служылі ў XIX стагодзьдзі ў Пецярбургу, праца пра польскіх ссыльных на Ўрале, дасьледаваньні пра польскіх студэнтаў у расейскіх унівэрсытэтах, вобраз чытача ў літаратуры пушкінскай эпохі — усё гэта зьяўляецца значным унёскам у навуку. Ён — адзін зь нямногіх аўтараў, хто сыстэматычна піша аб сучаснай беларускай паэзіі і сучасным беларускім тэатры. Яго мэмуарная кніга пра дзяцінства ў Горадні дазваляе казаць пра яго ня толькі як пра вучонага і крытыка, але і як пра пісьменьніка», — гаворыцца ў сумеснай заяве.

Акрамя таго, у ПЭН-Масква і «Вольным слове» падкрэсьлілі, што ведаюць: Фядута даўні і пасьлядоўны крытык аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі, а яго самога літаратар называе ня йначай як узурпатарам.

Расейская творчая супольнасьць зьвярнула ўвагу на стан здароўя Фядуты, хворага на дыябэт і сэрца. У час папярэдняга арышту, у 2010 годзе, стан здароўя Фядуты празь некалькі месяцаў у камэры істотна пагоршыўся. Цяпер ёсьць небясьпека ягонаму жыцьцю.

Як і беларускія калегі, расейцы заклікалі афіцыйны Менск неадкладна вызваліць Фядуту з-пад варты і зьняць зь яго абвінавачаньні, выстаўленыя відавочна з палітычных матываў.

Аляксандар Фядута — літаратар, публіцыст, палітоляг. КДБ Беларусі паведаміла, што ён затрыманы «ў рамках расьсьледаваньня распачатай крымінальнай справы паводле артыкула 108 КПК».

Фядута актыўна камэнтаваў падзеі палітычнага і грамадзкага жыцьця, у тым ліку і на Радыё Свабода. Апошнім часам ён стала выступаў у рубрыцы «Меркаваньне» тэлеканалу «Белсат».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG