Паводле «Нашай нівы», прадаваць часопісы ўжо адмовіліся ў сетцы «Белдрук»/«Белсаюзрук», а таксама ў «Белпошце» і «Белкнізе». Як піша рэдакцыя, «у кожнай структуры свая матывацыя адмовы, але адначасовасьць паказвае, адкуль растуць ногі». У рэдакцыі мяркуюць, што гэта чарговы ціск на «Нашу ніву».
Рэдакцыя сьцьвярджае, што адна толькі «Акадэмкніга» за першыя чатыры дні продажу новага нумару «Нашай гісторыі» прадала 147 асобнікаў, а «Белдрук» штомесяц зарабляў на продажы гэтага часопісу каля 3500 рублёў.
Пакуль празь «Белпошту» можна падпісацца на травень і чэрвень. Далей жа часопісы можна будзе атрымліваць праз рэдакцыю — трэба запоўніць праз інтэрнэт анкету з кантактнымі зьвесткамі. Бліжэй да ліпеня рэдакцыя плянуе запусьціць адмысловы сайт Nashakrama.by.
Купіць часопісы можна ў рэдакцыі ў Менску — на вуліцы Энгельса, 34а. Але продажы ладзяць не штодзень, абвесткі даюць на сайце «Нашай нівы» і ў сацсетках выданьня. Таксама часопісы прадаюць у прыватных кнігарнях — некаторыя названыя тут.
Да таго ж, можна купляць электронную вэрсію часопісаў на сайце кнігарні Arche.