Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьне лідэра БНФ Рыгора Кастусёва і ягонага зяця. Што вядома на гэты час


Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Архіўнае фота.
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Архіўнае фота.

У Шклове 12 красавіка затрымалі старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, яго адвезьлі ў СІЗА КДБ, а сёньня раніцай затрымалі ягонага зяця Зьмітра Антончыка.

Пра іхнае затрыманьне стала вядома ад родных. Па словах дачкі Кастусёва Галіны, ёй 12 красавіка позна ўвечары супрацоўнік Сьледчага камітэту па тэлефоне паведаміў, што ейнага бацьку затрымалі як падазраванага ў злачынстве і што ён знаходзіцца ў Менску. За мінулы час навінаў пра Кастусёва родным не паведамлялі.

Пасьля 12.50 зяць палітыка Зьміцер Антончык паведаміў @nashaniva, што Рыгор Кастусёў затрыманы як падазраваны па артыкуле 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх».

Паводле Антончыка, яго самога затрымалі, каб ён завёз апэратыўнікаў на лецішча для ператрусу. З тлумачэньня супрацоўнікаў Зьміцер зразумеў, што зьвязаны ён з зьняволеньнем цесьця Рыгора Кастусёва, якога падазраюць у дзеяньнях, скіраваных на захоп улады. На лецішчы забралі кампутары, кнігі, носьбіты інфармацыі ды страйкбольны аўтамат.

Галіна кажа, што ў дзень затрыманьня Рыгор Кастусёў гасьцяваў у аднаго з паплечнікаў у Шклоўскім раёне. Падвезьці яго ў райцэнтар узяўся знаёмы, і неўзабаве сувязь зь ім перарвалася. Па словах жанчыны, у кватэры палітыка няма прыкметаў ператрусу, усе ягоныя рэчы на сваіх месцах.

13 красавіка раніцай затрымалі зяця палітыка Зьмітра Антончыка. Пра гэта ён пасьпеў паведаміў жонцы Галіне. Яна кажа, што праз тэлефон чула, як ад мужа патрабавалі выйсьці з машыны і падпісаць паперы. Ён адмаўляўся, бо ня бачыў у інспэктара ніякіх дакумэнтаў. Потым сувязь са Зьмітром перарвалася. Дзе цяпер знаходзіцца муж, Галіна ня ведае. Яна адзначае, што, па словах Зьмітра, за ім сачылі. Невядомую машыну зь менскімі нумарамі ён бачыў ля лецішча, якое знаходзіцца на ўскрайку Шклова.

З крыніцаў Свабоды стала вядома, што Антончыка на сваёй машыне ў суправаджэньні асоб у цывільным прыехаў на лецішча, дзе праводзяць розныя імпрэзы шклоўскія актывісты. Там Зьміцер і «госьці» знаходзяцца не адну гадзіну, верагода, там у прыватным доме праходзіць ператрус.

А 12.35 Антончык у фэйсбуку паведаміў, што ў яго быў ператрус і цяпер ён на волі.

З нагоды арышту старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва ягоны намесьнік Вадзім Саранчукоў заявіў:

«Мы абураныя затрыманьнем старшыні БНФ Рыгора Кастусёва і разглядаем гэты факт як працяг кампаніі перасьледу дзеячоў легальнай апазыцыі ў Беларусі. Ціск на палітычныя партыі ёсьць працягам ціску на ўсе незалежныя ад уладаў асяродкі, на грамадзянскую супольнасьць і іншадумцаў.

Партыя БНФ як легальная палітычная партыя і яе старшыня як кіраўнік афіцыйна зарэгістраванай палітычнай партыі вядуць сваю дзейнасьць у адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Мы рашуча асуджаем затрыманьне лідэра Партыі БНФ як беспрадстаўнае, як праяву палітычнага перасьледу апанэнтаў цяперашніх уладаў. Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня старшыні БНФ Рыгора Кастусёва!» — сказаў намесьнік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў.

Хто такі Рыгор Кастусёў

Нарадзіўся 17 красавіка 1957 году ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1982), інжынэр-мэханік. Служыў у войску (1975–1977).

Працаваў галоўным інжынэрам у гаспадарцы «Друць» Бялыніцкага раёну (1983–1988), дырэктарам гаспадаркі «Іскра» Бялыніцкага раёну (1988–1991), дырэктарам Шклоўскага раённага аб’яднаньня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі (1995–2001). Па працы быў знаёмы з Аляксандрам Лукашэнкам, які да 1994 гору жыў у Шклоўскім раёне.

Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства «Гідрасіла ─ Белая Русь» у Магілёве (2002–2004).

У палітычнай дзейнасьці ад 1989 году. У 1993 годзе абраны старшынём Шклоўскай раённай арганізацыі Партыі БНФ. З 1996 году — сябра Сойму БНФ. З 2002 па 2009 г. — старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ. Ад 2009 да 2017 году быў намесьнікам старшыні Партыі БНФ.

Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых Саветаў. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году быў даверанай асобай адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, ад 2008 году ўзначальваў Магілёўскую абласную кааліцыю АДС.

Рашэньнем Зьезду Партыі БНФ 2010 году быў вылучаны кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад Партыі БНФ. Паводле афіцыйных зьвестак, заняў на выбарах чацьвёртае месца з 10 кандыдатаў: паводле абвешчаных Цэнтральнай камісіяй вынікаў, за Рыгора Кастусёва прагаласавалі 126 999 выбарнікаў (1,97% галасоў).

Заявіў пра нязгоду з вынікамі выбараў, абвінаваціўшы ўлады ў парушэньні выбарчага заканадаўства і незаконных маніпуляцыях пры падліку галасоў. Узяў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў 19 сьнежня 2010 году, быў пабіты спэцслужбамі, арыштаваны і кінуты ў сьледчы ізалятар КДБ. Падаў скаргу ў Цэнтральную камісію з патрабаваньнем прызнаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі.

30 верасьня 2017 году на XVIII Зьездзе Партыі БНФ (XV Зьезд грамадзкага аб’яднаньня БНФ «Адраджэньне») быў выбраны старшынём Партыі БНФ і старшынём грамадзкага аб’яднаньня БНФ «Адраджэньне». Перавыбраны на новы трохгадовы тэрмін у лістападзе 2020 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG