Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У прадмесьці Мінэапалісу выбухнулі беспарадкі пасьля гібелі афраамэрыканца


Акцыя пратэсту ў Бруклін-Сэнтэр

У амэрыканскім штаце Мінэсота, на поўнач ад Мінэапалісу, у ноч на панядзелак успыхнулі беспарадкі пасьля гібелі ад рук паліцыянта 20-гадовага афраамэрыканца Дантэ Райта.

Позна ўвечары 11 красавіка сотні пратэстоўцаў сабраліся ля паліцэйскай управы ў горадзе Бруклін-Сэнтэр, дзе адбыўся ўзброены інцыдэнт. У ходзе сутыкненьняў супрацоўнікі паліцыі ўжывалі сьлезацечны газ і сьвятлашумавыя гранаты. Удзельнікі пратэставай акцыі закідалі камянямі дзьве паліцэйскія машыны, піша Reuters.

У паліцыі, тлумачачы абставіны гібелі Дантэ Райта, паведамілі, што яго застрэліў адзін паліцыянт пры затрыманьні. Машыну афраамэрыканца, паводле дадзеных сьледзтва, спынілі за парушэньне правілаў дарожнага руху. Пры праверцы дакумэнтаў высьветлілася, што ёсьць ордэр на яго арышт. Калі Райта паспрабавалі затрымаць, ён сеў назад у сваю машыну і паспрабаваў уцячы. У гэты момант адзін з паліцыянтаў стрэліў. Падазраваны пасьпеў праехаць некалькі вуліц і ўрэзаўся ў іншую машыну. Ад атрыманых траўмаў ён памёр на месцы.

Тое, што адбылося з афраамэрыканцам, у мясцовай паліцыі называюць «трагічным выпадкам» і заклікаюць пратэстоўцаў не ўжываць гвалту.

Губэрнатар Мінэсоты Тымаці Ўолз заявіў, што сочыць за сытуацыяй, не забываючы пра смутак пасьля гібелі іншага цемнаскурага жыхара штату пры затрыманьні паліцыянтамі. Уолз меў на ўвазе Джорджа Флойда, чыя сьмерць летась у траўні прывяла да масавых пратэстаў і беспарадкаў па ўсёй краіне.

Бруклін-Сэнтэр — прадмесьце Мінэапалісу, дзе цяпер праходзіць судовы працэс у справе аб гібелі Флойда. Абвінавачаным стаў былы паліцыянт Дэрэк Шовін, які ўжыў пры затрыманьні Флойда задушлівы прыём. Афраамэрыканец памёр неўзабаве пасьля гэтага. Шовіна і яшчэ трох супрацоўнікаў сілавых структур, якія таксама бралі ўдзел у затрыманьні Флойда, звольнілі. Падсуднаму ставяць у віну забойства і ненаўмыснае забойства. Віны ён не прызнае. Яму пагражае да 40 гадоў пазбаўленьня волі.

Працэс у Мінэапалісе суправаджаецца новымі акцыямі супраць паліцэйскага самавольства. Будынак суду ахоўваюць байцы Нацыянальнай гвардыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG