Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бурэль абвінаваціў Расею і Кітай у блякаваньні рэакцыі сьвету на пераварот у М’янме


Спаленыя сьцягі Расеі і Кітаю ў М'янме, 8 красавіка 2021

Расея і Кітай перашкаджаюць абʼяднанай міжнароднай рэакцыі на вайсковы пераварот у Мʼянме, лічыць старшыня Эўрапейскай замежнапалітычнай службы Жузэп Бурэль. Пра гэта ён заявіў 11 красавіка.

На думку дыплямата, Эўразьвяз мог бы прапанаваць больш эканамічных стымулаў, калі Мʼянма вернецца да дэмакратыі.

«Ня дзіўна, што Расея і Кітай блякуюць спробы Рады Бясьпекі ААН, напрыклад увесьці эмбарга на пастаўкі зброі», — заявіў ён.

На думку Бурэля, геапалітычная канкурэнцыя ў краіне «вельмі ўскладніць пошук агульнай мовы, але мы абавязаныя паспрабаваць».

Старшыня дыпляматычнай службы ЭЗ зьвярнуў увагу на забойствы цывільных грамадзянаў, у тым ліку дзяцей, супрацоўнікамі сілавых ведамстваў.

«Сьвет з жахам назірае, як армія ўжывае гвалт супраць уласнага народу», — пракамэнтаваў ён.

Кітай і Расея маюць сувязі з узброенымі сіламі Мʼянмы — абедзьве краіны пастаўляюць туды зброю.

На мінулым тыдні Рада Бясьпекі ААН заклікала вызваліць лідэрку краіны Аўн Сан Су Чжы і іншых затрыманых вайскоўцамі, але не асудзіла сам дзяржаўны пераварот.

Вайскоўцы ўчынілі пераварот у Мʼянме 1 лютага, арыштаваўшы фактычную лідэрку краіны Аўн Сан Су Чжы і іншых членаў ураду. З тых часоў адбываюцца пратэсты супраць перавароту. Іх удзельнікаў жорстка разганяюць сілавікі. Паводле дадзеных СМІ, з прычыны здушэньня пратэстаў вайскоўцамі ўжо загінулі ня менш за 700 чалавек.

Крытыка з боку міжнароднай супольнасьці і санкцыі Захаду пакуль не прымусілі хунту зьмяніць курс.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG