Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анджэй Пачобут: «Стаўлюся да зьняволеньня як да камандзіроўкі»


Анджэй Пачобут

Арыштаваны ў «справе палякаў» Анджэй Пачобут даслаў ліст з волі, у якім піша, што ня мае адчаю і ні пра што не шкадуе.

Дзеяч Саюзу палякаў Беларусі і журналіст Анджэй Пачобут з 25 сакавіка знаходзіцца пад вартай. Яго абвінавачваюць паводле артыкулаў КК, якія прадугледжваюць адказнасьць за «распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай варажнечы» і «рэабілітацыю нацызму». Яму можа пагражаць ад 5 да 12 гадоў зьняволеньня.

У сваім лісьце на волю, які цытуе Tut.by, Пачобут піша, што чакаў падобных падзей, але ні пра што не шкадуе і рук не апускае.

«Пакрысе рыхтуюся да суду, ён абяцае быць вельмі цікавым. Думаю пра тых, каму давялося пабываць у гэтых сьценах. Гэта мой любімы пісьменьнік Пясэцкі, камандзір палка Віленскіх уланаў Дамброўскі, ксёндз маёр Банькоўскі і многія іншыя. Калі вядуць па калідорах, спрабую запомніць іх атмасфэру, уявіць, якой яна была ў тыя бязьлітасныя часы».

Таксама журналіст адзначыў, што ставіцца да свайго цяперашняга стану як да камандзіроўкі, «вынікам якой будзе артыкул або кніга».

Як разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт

  • 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх дыпляматаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
  • 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
  • 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
  • 12 сакавіка 2021 году затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «гераізацыю ваенных злачынцаў» (частка 3 артыкула 130 КК). Яна пад вартай.
  • 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул узяў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх дыпляматаў.
  • 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
  • 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
  • 25 сакавіка затрымалі сябраў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
  • Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варажнечы» (частка 3 артыкула 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская цяпер на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
  • 29 сакавіка стала вядома, што Смаргонская пракуратура запытвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.
  • 6 красавіка Лукашэнка выставіў Польшчы прэтэнзіі ў тым, што яе ўлады абвінавачваюць афіцыйны Менск у фальсыфікацыі выбараў, а таксама «падтрымліваюць здраднікаў і экстрэмістаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG