Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка заклікаў Нарвэгію разарваць кантракт зь «Беларуськаліем»


Шахцёры каля прахадной «Беларуськалія» 17 жніўня 2020

Лідэр Народнага антыкрызіснага кіраваньня Павал Латушка зьвярнуўся да нарвэскіх уладаў, каб яны запатрабавалі ад кампаніі Yara разарваць кантракт зь «Беларуськаліем».

Yara — адзін з асноўных пакупнікоў калійнай солі ў Беларусі. Нарвэскаму ўраду належыць 36% акцый гэтай кампаніі.

Латушка лічыць, што працягваць супрацоўніцтва зь «Беларуськаліем» можна толькі ў тым выпадку, калі ўлады спыняць рэпрэсіі і пакараюць вінаватых у іх, вызваляць палітвязьняў і прызначаць новыя свабодныя выбары.

Пэтыцыю да кіраўніцтва кампаніі Yara з патрабаваньнем разарваць кантракт зь «Беларуськаліем» падпісалі больш за 83 тысячы чалавек.

У студзені Yara International заявіла, што трымаецца ўнівэрсальнага парадку дня ў галіне правоў чалавека, у тым ліку права на страйк, і падтрымлівае вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека ў асуджэньні парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Яна выказала спадзяваньне, што «Беларуськалій» будзе паважаць правы работнікаў і ўстрымлівацца ад рэпрэсіўнай палітыкі.

Кіраўніцтва «Беларуськалію» заявіла, што гатова працягваць узаемадзеяньне з Yara International, зьняць дысцыплінарныя спагнаньні з работнікаў, а звольненых раней — прыняць назад.

У адказ страйкам «Беларуськалію» заявіў, што аднаўленьне кантрактаў магчымае толькі ў выпадку выкананьня ранейшых патрабаваньняў:

  • спыненьне перасьледу за грамадзянскую пазыцыю,
  • вызваленьне палітвязьняў і ўдзельнікаў мірных пратэстаў,
  • пачатак крымінальных спраў у дачыненьні да сілавікоў,
  • прыцягненьне Аляксандра Лукашэнкі і Лідзіі Ярмошынай да адказнасьці за фальсыфікацыю выбараў.

Страйкам заклікаў кампанію Yara разарваць кантракт зь «Беларуськаліем».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG