Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 адказаў Латушкі пра ягоную партыю. Гутарка ў Клюбе Свабоды


Павал Латушка

Павал Латушка абвясьціў пра намер стварыць палітычную партыю. Гэтая ідэя, паводле яго, абмяркоўваецца ўжо са сьнежня мінулага году. Сёньня палітык адказаў на пытаньні аўдыторыі Радыё Свабода ў жывым эфіры аўдыёчату ў Telegram. Дзесяць зь іх датычаць новай партыі, а два дадатковыя — бягучай палітыкі.

Якая яшчэ партыя? Няўжо ўсе ўжо зьмірыліся?

Гэта не азначае, што мы зьмірыліся. Мы працягваем нашую актыўную дзейнасьць у Народным антыкрызісным кіраўніцтве, якое мае на мэце павялічваць і маштабаваць ціск на рэжым, як унутраны, так і зьнешні. Для гэта мы маем інструмэнты, зь якімі вы можаце азнаёміцца на сайце НАК. Гэта і фінансавы ціск, і зьнешні ціск, і ўнутраны пратэст. Усё гэта застаецца на парадку дня. Партыя — гэта праект будучыні.

Вы будзеце падаваць заяву на рэгістрацыю ў Мін’юст?

Не. Такіх намераў у нас няма. Мы выступаем за парлямэнцка-прэзыдэнцкую рэспубліку. Гэта найлепшы шлях, каб у будучыні не дапусьціць паўтарэньня дыктатуры. Такі фармат прадугледжвае, што большасьць паўнамоцтваў будзе належаць парлямэнту, які будзе сфармаваны ў выніку выбараў і сфармаваны менавіта тымі партыямі, ці кааліцыяй, якія перамогуць. Гэта магчыма ўявіць, калі мы юрыдычна аформім Новую Беларусь.

Нашая заява аб плянах стварыць партыю — гэта таксама ціск на рэжым. Нават сёньня Лукашэнка пачынае рэагаваць на гэта. Пачуўшы нашыя ўчорашнія заявы, ён кажа пра недапушчальнасьць шматпартыйнасьці, пачынае хістацца, ці рэгістраваць партыі, на якіх умовах. Маўляў, нельга паўтараць памылкі СССР. Але пры чым тут СССР, калі там была толькі адна партыя? Гэта ўсё элемэнты ціску на яго, каб не даваць лёгкага жыцьця.

Якім чынам існаваньне партыі можа дапамагчы ў пераменах у Беларусі?

Мы разглядаем два сцэнары. Калі мы будзем нарошчваць ціск, то сытуацыя бліжэйшым часам хутка зьменіцца, паўстане палітычны вакуўм. У гэтым вакуўме зьявяцца палітычныя партыі, якія актыўна пачынаюць дзейнічаць дзеля стварэньня парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікі.

Другі сцэнар ня вельмі карысны для беларускага грамадзтва, але калі мы плянуем нашыя дзеяньні стратэгічна, то мы павінны плянаваць іх на крок ці два наперад. Гэта калі пад ціскам Расеі, ці часткова ЭЗ, Лукашэнка ідзе на зьмены Канстытуцыі, і там зьяўляецца на парадку дня пытаньне парлямэнту па партыйных сьпісах, альбо партыйна-аднамандатных. І тут мы павінны будзем прыняць палітычнае рашэньне разам зь беларусамі: ці дазваляем мы партыі Лукашэнкі, пад умоўнай назвай «Белая Русь», якая будзе створаная пад ягоным кантролем, ісьці і перамагаць? Ці мы ўсё ж будзем у гэты працэс ставіць свае партыі і перамагаць зь імі?

Ці плянуеце праводзіць онлайн-сходы, сустрэчы з патэнцыйнымі актывістамі?

На працягу бліжэйшых тыдняў мы апублікуем прынцыпы і назву, інтэрнэт-пляцоўку, дзе можна будзе пакідаць свае камэнтары і падаваць заяўкі аб жаданьні ўступаць у партыю. Гаворка пра намер. Гэта будзе бясьпечная плятформа, імёны людзей мы ня будзем публікаваць, пакуль гэта небясьпечна. Бо ўжо і сёньня было шмат званкоў, лістоў, зваротаў праз сацыяльныя сеткі. Я ўдзячны ўсім, але мы зробім гэта тады, калі гэта будзе бясьпечна. Сёньня такі крок паставіў бы пад пагрозу ўвесь актыў партыі.

Чым гэтая партыя будзе адрозьнівацца ад партыі Віктара Бабарыкі?

Давайце трошкі пачакаем. Галоўныя прынцыпы я агучыў: незалежнасьць Беларусі, правы чалавека, вяршэнства закону. Гэта тры базавыя прынцыпы. Назва партыі, яе праграма — ці, хутчэй, яе прынцыпы, бо я ня думаю, што людзі цяпер гатовыя чытаць дзясяткі старонак праграмы, — мы ўсё гэта агучым бліжэйшым часам.

Гэта будзе прарасейская, праэўрапейская, нэўтральная партыя?

Я не ўяўляю нэўтральнай палітычна партыі. Партыя павінна мець свой твар, сваю пазыцыю ў зьнешняй палітыцы і ўнутранай. Акурат сёньня ў нас адбываецца дыскусія з экспэртамі і аналітыкамі наконт усіх гэтых момантаў. Яны былі і раней. Мы пра гэта думаем са сьнежня. Але сёньня ня той момант, калі мы павінны агучыць усе прынцыпы. Мы кажам пра партыю як палітычны інструмэнт, які будзе задзейнічаны ў будучыні.

Былы лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка выказаў думку, што стварэньне партый у такі момант прывядзе да разьяднаньня апанэнтаў улады: «Разброд па „партыях“ менавіта ў гэты момант — шлях у тупік».

Мне вельмі прыемна чуць гэты камэнтар ад Вінцука Вячоркі. Ён можа адрасаваць гэты заклік да Франака Вячоркі (сын Вінцука Вячоркі, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай. — РС).

— Франак Вячорка партыю не стварае, ён толькі адзін з дарадцаў Ціханоўскай.

Я думаю, ён мяне зразумее. Трэба дакладна чытаць і слухаць тое, што мы кажам. Мы кажам не пра разьяднаньне, мы кажам пра ўзмацненьне нашых сілаў. Мэты ў нас аднолькавыя, і са штабам, і з НАК, Каардынацыйнай радай — правядзеньне новых выбараў. У мяне тады пытаньне да Вінцука Вячоркі. Як ён сабе ўяўляе: наступае заўтрашні дзень, а ў нас няма моцных дэмакратычных партый. Ці не паставіць ён тады пытаньне: а дзе вы былі? Я думаю, што паставіць.

Чаму б не скарыстацца цяпер сіламі іншых зарэгістраваных апазыцыйных партый?

Я з павагай стаўлюся да ўсіх палітычных партый, але мы таксама разумеем іх сёньняшнюю запатрабаванасьць і іх ролю, за выключэньнем, можа, АГП. Ці актыўныя яны, ці гатовыя адстойваць сваю пазыцыю, выходзіць у публічны сьвет, зьбіраць людзей? Ніхто не пазбаўляе нікога права рэалізаваць свае партыйныя амбіцыі. Гэта нармальна, гэта дэмакратычны працэс. Мы ж не прапануем ліквідоўваць гэтыя партыі. Але кожны мае права знайсьці сваё месца, за яго трэба весьці барацьбу і даказваць перад людзьмі права свайго існаваньня. Партыя — гэта не перацягваньне коўдры, за гэта ня плацяць грошай і ніхто не дае прэмій, гэта дадатковая праца. Яшчэ трэба заваяваць падтрымку людзей канкрэтнымі вынікамі.

Калі агучаная ідэі партыі, то што будзе з Народным антыкрызісным кіраўніцтвам?

Дзейнасьць у рамках НАК застаецца для нас галоўнай. Партыя — гэта крок, два крокі наперад, гэта стратэгія, прагноз, рэагаваньне на сытуацыю ў будучым.

Ці ёсьць адзінства са Сьвятланай Ціханоўскай, Ігарам Макарам, Вадзімам Пракоп’евым і іншымі наконт дня X?

Я магу казаць толькі за сябе. Такую прапанову мы рабілі штабу і напярэдадні 25 сакавіка, але не атрымалі адказу. Таму я агучыў прапанову ў пабліку НАК, каб адсьвяткаваць 25 сакавіка. На жаль, нашая прапанова не займела падтрымкі ад іншых палітычных сілаў. Цяпер мы зыходзім з таго, што 9 траўня — той дзень, калі мы павінны паказаць сваё адзінства, што мы не здаемся. 9 траўня — дзяржаўнае сьвята. Усе дазволы выдаюць мясцовыя ўлады пад капірку. Таму абмяжоўваць права грамадзян удзельнічаць у гэтых мерапрыемствах недапушчальна. Калі рэжым пойдзе на адмену гэтых заявак, то гэта азначае, што яны зьяўляюцца акупантамі на беларускай зямлі. Калі рэжым пойдзе на затрыманьне людзей падчас гэтага мерапрыемства, то яны пацьвярджаюць свой статус нацыстаў.

Мы ўнукі і дзеці тых, хто заваяваў перамогу. Мы цэнім гэтую перамогу, для нас гэта найважнейшы дзень гісторыі беларусаў. Гэта важны дзень, які аб’ядноўвае нас з рускім народам, для агульных каштоўнасьцяў усёй Эўропы. Мы прапануем 9 траўня прыняць удзел у гэтых мерапрыемствах. Не абавязкова браць сымболіку, бо мы разумеем, якую агрэсію яна выклікае ў нелегітымнай улады.

Ці ёсьць сэнс у перамовах з уладамі?

Перамовы магчымыя, і гэтая мэта слушная. Але я лічу, што яны магчымыя толькі пры ўмове ўзмацненьня ціску, унутранага пратэсту, як 25 сакавіка, так і 9 траўня. Той, хто будзе казаць, што гэта няправільны інструмэнт, павінен разумець, што калі мы ня будзем паказваць сваю сілу волі і характар, разумеючы ўсе рызыкі, мы ня зможам дасягнуць таго выніку, да якога мы імкнёмся. Ня зваліцца ён зь неба, не прынясе яго ні Эўропа, ні амэрыканцы, ні Расея. Патрэбны ціск фінансавы, санкцыйны, а галоўнае — ціск унутры краіны. Калі рэжым зразумее, што мы моцныя, вось тады можна гаварыць пра перамовы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG